Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯЛЯ́К,

губа авечая, хрушч (Albatrellus ovinus), шапкавы базідыяльны грыб з роду альбатрэлус сям. скутыгеравых. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі трапляецца ў хвойных лясах (пераважна ў старых ельніках). Расце групамі, зросткамі і адзіночна.

Шапка дыям. 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, гладкая або слабатрэшчынаваталускаватая, белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Мякаць шчыльная, сырападобная, белая або крыху жаўтаватая, з грыбным пахам і смакам, пры высыханні жаўцее. Ножка даўж. 3—4 см, аднаго колеру з шапкай. У маладым узросце ядомы грыб (спажываецца свежы, сушаны).

т. 3, с. 405

БЯЛЯ́К Юзаф

(1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.чэрв. 1794),

вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэтараў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.

А.П.Грыцкевіч.

т. 3, с. 405

БЯЛЯ́НКА,

ваўнянка белая (Lactarius pubescens), шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.

Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 см выш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.

т. 3, с. 405

Бялянка Марыя Станіславаўна

т. 18, кн. 1, с. 358

БЯЛЯ́НКІ

(Pieridae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 500 відаў. На Беларусі 12. Пашыраны на ўсіх мацерыках, найб. вядомыя бялянкі капусная, або капусніца (Pieris brassicae), рэпніца (Р. rapae), бручніца (Р. napi).

Дзённыя матылі, крылы ў размаху да 8 см. Афарбоўка часцей белая, жоўтая або аранжавая, з чорным малюнкам. Вусені зялёныя або стракатыя, звычайна ўкрытыя кароткімі валаскамі. Кукалкі жаўтаватыя або шараватабелыя з чорнымі кропкамі і плямамі прымацоўваюцца да субстрату паяском з шаўкавістай павуцінкі галавой уверх. Развіваюцца пераважна на крыжакветных і бабовых раслінах, некат. жывуць на крушынавых, ружавых і інш. Шэраг бялянак шкоднікі с.-г. культур, вусені аб’ядаюць лісце. Жаўтушкі, зоркі, лімонніцы — дэкар. матылі лугоў, палёў, лясоў. Некат. віды ахоўваюцца, жаўтушка тарфянікавая (Colias palaeno) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 3, с. 406

БЯЛЯ́НКІН Віталь Сцяпанавіч

(н. 30.4.1937, г. Джума Самаркандскай вобл., Узбекістан),

бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1963). З 1968 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар праектаў). Адначасова з 1989 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: 15-павярховы інтэрнат Бел. тэхналагічнага ін-та (1975, у сааўт.), Мінскі палац моладзі (1986) і спецыялізаваная агульнаадук. школа (1988; абодвух кіраўнік аўтарскага калектыву), 2-я чарга буд-ва Нацыянальнага маст. музея Беларусі (праект 1991, у сааўт.) у Мінску, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні ў Быхаўскім р-не (1984, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1986).

т. 3, с. 406

БЯЛЯ́ЎСКАС

(Bieliauskas) Альфонсас (н. 5.10.1923, в. Невяроніс Каўнаскага р-на, Літва),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1965). Нар. пісьменнік Літвы (1983). Скончыў Вільнюскі ун-т (1951). Першы эпічны твор — аповесць «Рабочая вуліца» (1956; новы варыянт — раман «Яна любіла Паўліса», 1976). У раманах «Цвітуць пунсовыя ружы» (1959; Дзярж. прэмія Літвы 1959), «Мы яшчэ сустрэнемся, Вільма» (1962), «Каўнаскі раман» (1966), «Тады, у дождж» (1977) і інш.сац.-паліт. супярэчнасці і духоўнае станаўленне чалавека; «Спакойныя часіны» (1981) — сямейныя калізіі сучасных інтэлігентаў. Аўтар дакумент. рамана «Вільнюскія пагоркі» (1984) пра падзеі ў Літве 1940. У раманах Бяляўскаса спалучаны псіхал. аналіз, лірычнасць і публіцыстычнасць.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983.

т. 3, с. 406

БЯЛЯ́ЎСКІ Восіп Фаміч

(1859, в. Райск Беластоцкага ваяв., Польшча — 1935),

бел. рэвалюцыянер-народнік, дзеяч польскага сацыяліст. руху. З 1878 чл. народніцкай арг-цыі «Зямля і воля». У 1879 перайшоў на пазіцыі «Народнай волі». Разам з чл. нарадавольскага гуртка ў Гродне планаваў серыю тэрарыст. актаў. Быў арыштаваны, прыцягваўся да дазнання па справах аб сацыяліст. прапагандзе ў Пецярбургу, Гродне, «працэсе 137-і» ў Варшаве. У 1880 высланы ў Кастраму, у 1881 — у Цюменскую вобл., дзе ў 1884 удзельнічаў у хваляваннях ссыльнапасяленцаў. У 1886 вярнуўся ў Беласток. За сувязі з «Народнай воляй» і польскай рэв. арг-цыяй «Пралетарыят» у 1887 арыштаваны, у 1888 высланы ў Іркуцкую вобл.

В.М.Чарапіца.

т. 3, с. 406

БЯЛЯ́ЦКІ Дзмітрый Паўлавіч

(2.11.1906, в. Пугляі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 2.6.1982),

бел. гігіеніст. Д-р мед. н. (1967), праф. (1968). Засл. ўрач Беларусі (1967). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1933). Нам. міністра аховы здароўя (1943—59), адначасова з 1945 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па арганізацыі аховы здароўя, сан.-эпідэміял. справы, па гісторыі медыцыны.

Тв.:

Развитие санитарного дела в Белорусской ССР. Мн., 1966;

Санитарная охрана внешней среды — всенародное дело. Мн., 1974.

т. 3, с. 406

БЯЛЯ́ЦКІ Мікалай Пятровіч

(н. 27.9.1950, в. 1-я Слабодка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоныэканаміст. Д-р эканам. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мінскі радыётэхн. Ін-т (1972). Працаваў у ВА «Інтэграл», з 1980 — у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1993 — у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Асн. кірунак навук. дзейнасці — кадравы менеджмент, прадпрымальніцкі стыль кіравання, дзелавое замежнае партнёрства, ацэнка персаналу кіравання.

Тв.:

Кадровый потенциал организаторов производства. Мн., 1990.

т. 3, с. 406