ГАСТРАЭНТЭРАЛО́ГІЯ
(ад гастра... + энтэра... + ...логія),
раздзел медыцыны, які вывучае прычыны, механізмы і клінічныя формы захворванняў органаў стрававальнай сістэмы пераважна неінфекц. паходжання, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі гэтых захворванняў. Найб. актыўна вывучаюцца хранічны гастрыт, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гепатыты, цырозы печані, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, панкрэатыт, каліты і інш. хваробы органаў стрававання.
Гастраэнтэралогія як навука сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. з узнікненнем сістэматычных апісанняў хвароб органаў стрававання. Навук. асновы расійскай гастраэнтэралогіі заклалі С.П.Боткін, А.А.Астравумаў, Р.А.Захар’ін, І.П.Паўлаў, А.М.Угалёў, У.Х.Васіленка. На Беларусі развіццю гастраэнтэралогіі спрыялі працы І.І.Ганчарыка, І.Н.Бранаўца, М.Я.Фёдарава, Ю.Х.Марахоўскага і інш. Даследаванні ў галіне гастраэнтэралогіі праводзяцца ў Рэспубліканскім навук. цэнтры (Мінск). Створана рэсп. асацыяцыя гастраэнтэролагаў.
М.Ф.Сарока.
т. 5, с. 85
ГАСТРАЭНТЭРЫ́Т
(ад гастра... + энтэрыт),
вострае або хранічнае захворванне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека, пры якім запаленчы працэс ахоплівае страўнік і тонкі кішэчнік. Прычыны ўзнікнення, прыкметы і лячэнне гастраэнтэрыту ў асноўным тыя, што пры гастрыце і энтэрыце. Звычайна гастраэнтэрыту спадарожнічае запаленне тоўстага кішэчніка, пасля ўзнікае гастраэнтэракаліт. Лячэнне залежыць ад лакалізацыі запаленчага працэсу (на страўніку ці тонкім кішэчніку).
т. 5, с. 85
ГАСТРО́ЛЬ
(ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),
выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.Бернар, Э.Дузе, Т.Сальвіні, П.Арленеў, В.Камісаржэўская, Э.Каруза, А.Паці, Ф.Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст. — рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.
т. 5, с. 85
ГА́СТРУЛА
(позналац. gastrula ад грэч. gastēr страўнік),
зародак шматклетачнага жывёльнага арганізма ў перыяд гаструляцыі; адна са стадый зародкавага развіцця. Упершыню апісаў А.А.Кавалеўскі ў 1865 пад назвай «кішэчная лічынка». Вылучаюць этапы ранняй (пасля бластулы), сярэдняй і позняй гаструлы. На апошнім этапе гаструла складаецца з двух слаёў клетак — вонкавага (першасная эктадэрма) і ўнутранага (першасная энтадэрма); у большасці жывёл да іх далучаецца трэці слой (мезадэрма). Унутраная поласць гаструлы (гастрацэль) трансфармуецца ў поласць кішэчніка, злучаецца з вонкавым асяроддзем праз бластапор — адтуліну першаснага рота.
т. 5, с. 85
ГАСТРУЛЯ́ЦЫЯ,
стадыя зародкавага развіцця жывёльных арганізмаў, калі адбываецца пераўтварэнне аднаслойнай бластулы ў мнагаслойную гаструлу. Настае пасля заключнай фазы драбнення аплодненага яйца (бластуляцыі) і папярэднічае інтэнсіўнаму зародкаваму арганагенезу. У працэсе гаструляцыі дэтэрмінацыя і дыферэнцыроўка бластамераў прыводзяць да ўтварэння двух-, а потым трохслойнай сценкі зародка. Залежна ад тыпу яйцаклеткі, спосабу драбнення і віду бластулы гаструляцыя адбываецца шляхам інвагінацыі (выгінанне вегетатыўнага полюса бластулы ўнутр), эпібаліі (нарастанне анімальнай часткі бластулы на вегетатыўную), іміграцыі (высяленне клетак бластадэрмы ў поласць бластулы), дэламінацыі (расшчапленне бластадэрмы на 2 слоі). Трэці зародкавы лісток (мезадэрма) утвараецца з бакавых губ першаснай ротавай адтуліны ці іх аналагаў. У большасці жывёл працэс гаструляцыі камбінаваны; у хордавых у выніку яго фарміруецца восевы комплекс зачаткаў хорды, нерв. і кішачнай трубак.
т. 5, с. 85
ГАСТРЫ́Н,
гармон, які выпрацоўваюць клеткі слізістай абалонкі піларычнай часткі і дна страўніка. Знойдзены ў кішэчніку, а таксама гіпофізе шэрагу жывёл. Па хім. прыродзе — поліпептыд з 17 амінакіслотных астаткаў. Малекулярная маса каля 2200. Існуе ў дэсульфаванай (Г.І) і сульфаванай (Г.II) формах. Удзельнічае ў рэгуляцыі функцый стрававальных органаў, стымулюе сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку, павялічвае сакрэцыю страўнікавага і панкрэатычнага сокаў, жоўцевыдзяленне, змяняе тонус і рухальную актыўнасць страўніка і кішэчніка. Пры павелічэнні ўзроўню салянай к-ты ў страўніку (да pH 3) выдзяленне гастрыну тармозіцца. Атрыманы хім. сінтэзам.
т. 5, с. 85
ГАСТРЫ́Т
(ад гастр... + ...іт),
вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гаструту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.
т. 5, с. 85
ГАСТР..., ГАСТРА... [ад грэч. gastēr
(gastros) страўнік),
першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да страўніка, да працэсу стрававання, напр., гастраскапія, гастрыт.
т. 5, с. 84
ГА́СТЫНГС,
Хейстынгс (Hastings), горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Каля 100 тыс. ж. (1994). У раёне Гастынгса 14.10.1066 войскі герцага Нармандыі Вільгельма нанеслі паражэнне англа-саксонскім войскам караля Гаральда, які загінуў у бітве, і Вільгельм стаў англ. каралём (Вільгельм І Заваёўнік). Месца правядзення штогадовых міжнар. шахматных турніраў (з 1920). Прыморскі кліматычны курорт. Вял. пясчаны пляж, мяккі марскі клімат забяспечваюць умовы эфектыўнага кліматалячэння нерв., сардэчна-сасудзістых, лёгачных і інш. хвароб.
т. 5, с. 85
ГАСТЭ́ЛА Мікалай Францавіч
(6.5.1907, Масква — 26.6.1941),
Герой Сав. Саюза (1941). Беларус. Скончыў Луганскую ваен. школу лётчыкаў (1933). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пач. Вял. Айч. вайны капітан Гастэла камандаваў эскадрылляй, удзельнічаў у бамбардзіроўцы танк. і механіз. калон праціўніка. 26 чэрв. ў час бамбардзіроўкі варожай танк. калоны на дарозе Маладзечна—Радашковічы з членамі экіпажа А.А.Бурдзенюком, А.А.Калініным, Р.М.Скарабагатавым накіраваў ахоплены полымем самалёт на скопішча варожых танкаў, аўтамашын і бензацыстэрнаў. На месцы подзвігу, на шашы Мінск—Вільнюс, помнік-мемарыял экіпажу, у г.п. Радашковічы, у г. Мураме, Сухумі, на радзіме бацькі Гастэлы (Карэліцкі р-н), на тэр. Варашылаўградскага вышэйшага авіяц. вучылішча штурманаў яму пастаўлены помнікі.
т. 5, с. 86