ГАСТРЫ́Т
(ад гастр... + ...іт),
вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гаструту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.
т. 5, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)