Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІ́МЕНАЎ (Васіль Васілевіч) (н. 27.3.1954, г. Віцебск),

Герой Сав. Саюза (1984). Скончыў Разанскае вышэйшае паветр.-дэсантнае каманднае вучылішча (1975), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1987). З 1971 у Сав. Арміі. Камандзір батальёна парашутна-дэсантнага палка маёр П. вызначыўся ў час вайны ў Афганістане 1979—89 у кастр. 1983 у разгроме буйной групоўкі душманаў. З 1991 у штабе паветр.-дэсантных войск арміі Рас. Федэрацыі.

В.В.Піменаў.

т. 12, с. 360

ПІ́МЕНАЎ (Сцяпан Сцяпанавіч) (1784, С.-Пецярбург — 3.4.1883),

рускі скульптар, прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1803; пенсіянер у 1803—07), у 1809—30 выкладаў у ёй (з 1814 праф.). У 1809—30 узначальваў скульпт. частку імператарскага фарфоравага з-да. Паводле яго мадэляў вырабляліся вазы, посуд, статуэткі. Аўтар дэкар. скульптуры для Казанскага сабора (1804—11), Горнага ін-та (1809), Гал. штаба (1827—29; з В.​Дэмут-Маліноўскім), Александрынскага т-ра (1831—32), на Нарвенскіх трыумфальных варотах (1830—33; усе ў Пецярбургу), праекта надмагілля М.​Казлоўскаму (1802). Для твораў характэрны яснасць кампазіцыі, часам рамант. патэтыка рытмаў і жэстаў, арган. адзінства з архітэктурай.

С.Піменаў. Праект надмагілля М.​Казлоўскаму. 1802.

т. 12, с. 361

ПІ́МЕНАЎ (Юрый) (Георгій) Іванавіч (26.11.1903, Масква — 6.9.1977),

расійскі жывапісец і графік. Нар. маст. СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1962). Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1925). Выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінамастацтва ў Маскве (1945—72; з 1947 праф.). Чл.-заснавальнік Т-ва мастакоў-станкавістаў (з 1925). Раннія творы вызначаюцца манументальнасцю, дынамічнасцю кампазіцыі, аскетызмам каларыту («Даеш цяжкую індустрыю!», 1927, і інш.). З пач. 1930-х г. працаваў пераважна ў жанравым жывапісе. Творам уласціва паэтызацыя паўсядзённага жыцця, своеасаблівая манера пісьма дробнымі, паўпразрыстымі мазкамі, якія ствараюць эфект вібрыруючай жывапіснай паверхні: «Новая Масква» (1937), «Сляды шын» (1944), «Маруся, пара абедаць!» (1951—56), серыя «Новыя кварталы» (1962—67) і інш. Пісаў партрэты, нацюрморты (серыя «Рэчы кожнага дня», 1959, і інш.). Аформіў спектаклі «За тых, хто ў моры!» Б.​Лаўранёва ў Малым т-ры (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Стэп шырокі» М.​Віннікава ў Цэнтр. т-ры Сав. Арміі (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) і інш. Ленінская прэмія 1967.

Тв.:

Искусство жизни или искусство «ничего». 2 изд. М., 1964;

Необыкновенность обыкновенного. М., 1964;

Таинственный мир зрелищ. М., 1974.

Літ.:

Логинова Е. Ю.​Пименов. 2 изд. М., 1970;

Барабанова Н. Ю.​Пименов: [Альбом]. Л., 1972;

Кириллова Г.С. Ю.​Пименов. Л., 1980.

Ю.Піменаў. Новая Масква. 1937.

т. 12, с. 361

ПІ́НА,

рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в. Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.

Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч. Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).

А.​А.​Макарэвіч.

т. 12, с. 361

ПІНА́ЕВА ((дзявочае Хведасюк) Людміла Іосіфаўна) (н. 14.1.1936, г. Краснае Сяло Ленінградскай вобл., цяпер у межах г. С.-Пецярбург),

расійская спартсменка і трэнер (веславанне на байдарках). Засл. майстар спорту СССР (1964). Скончыла школу трэнераў пры Дзярж. ін-це фіз. культуры (1963, С.-Пецярбург). Педагог-выхавацель. Чэмпіёнка XVIII і XIX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка) па веславанні на байдарцы-адзіночцы (к-1) на дыстанцыі 500 м, XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) — на байдарцы-двойцы (к-2) з К.​Курышка; бронз. прызёр на к-2 (з А.​Серадзінай). Чэмпіёнка свету 1966 на к-1 і на байдарцы-чацвёрцы (к-4); 1970 на к-1; 1971 на к-1 і к-4; 1973 на к-4. Чэмпіёнка Еўропы 1961 на к-2 (з Н.​Грузінцавай); 1965 на к-1 і к-4; 1967 на к-1, к-2 (з Серадзінай) і к-4. 19-разовая чэмпіёнка СССР (1960—62, 1964—68, 1970—73) на к-1, к-2 і к-4.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 361

ПІНА́ЕЎ (Генадзь Фёдаравіч) (н. 27.4.1937, г. Капейск Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. хімік-неарганік. Д-р хім. н. (1985), праф. (1987). Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1959). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па тэарэт. асновах хім. тэхналогіі, хіміі і тэрмадынаміцы хім. элементаў і солепадобных злучэнняў.

Тв.:

Основы теории химико-технологических процессов. Мн., 1973 (разам з У.​В.​Пячкоўскім);

Технология калийных удобрений. 2 изд. Мн., 1978 (у сааўт.);

Новая система стандартных эксергий химических элементов... // Инженерно-физ. журн. 1998. Т. 71, вып. 6.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 361

ПІНАКАТЭ́КА (грэч. pinakothēkē ад pinax дошка, карціна + theke сховішча),

сховішча жывапісу, карцінная галерэя. Тэрмін паходзіць ад назвы сховішча жывапісу на Акропалі ў Афінах (5 ст. да н.э.). У наш час П. называюць некат. зах.-еўрап. музеі (напр., Старая П. ў Мюнхене).

т. 12, с. 362

ПІНА́КЛЬ (франц. pinacie),

дэкаратыўная вежачка, слупок на контрфорсе ці інш. частках будынкаў. Звычайна завяршаецца дэкар. востраканцовай пірамідкай (фіялам) і ўпрыгожваецца крабамі (дэталі ў выглядзе скульпт. стылізаваных лістоў і кветак). П. шырока вядомы ў еўрап. архітэктуры познараманскага і гатычнага стыляў, а таксама ў збудаваннях несапраўднай готыкі.

С.​А.​Сергачоў.

Пінакль.

т. 12, с. 362

ПІНА́НГ (Pinang),

адна з назваў горада Джорджтаўн у Малайзіі.

т. 12, с. 362

ПІНА́Р-ДЭЛЬ-РЫ́О (Pinar dei Rio),

горад на З Кубы. Адм. цэнтр аднайменнай правінцыі. Засн. ў 1571. Каля 130 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Гандл.фін. цэнтр с.-г. раёна. Прам-сць: харчасмакавая, хім., буд. матэрыялаў. Музей.

т. 12, с. 362