ПІ́МЕНАЎ (Сцяпан Сцяпанавіч) (1784, С.-Пецярбург — 3.4.1883),

рускі скульптар, прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1803; пенсіянер у 1803—07), у 1809—30 выкладаў у ёй (з 1814 праф.). У 1809—30 узначальваў скульпт. частку імператарскага фарфоравага з-да. Паводле яго мадэляў вырабляліся вазы, посуд, статуэткі. Аўтар дэкар. скульптуры для Казанскага сабора (1804—11), Горнага ін-та (1809), Гал. штаба (1827—29; з В.​Дэмут-Маліноўскім), Александрынскага т-ра (1831—32), на Нарвенскіх трыумфальных варотах (1830—33; усе ў Пецярбургу), праекта надмагілля М.​Казлоўскаму (1802). Для твораў характэрны яснасць кампазіцыі, часам рамант. патэтыка рытмаў і жэстаў, арган. адзінства з архітэктурай.

С.Піменаў. Праект надмагілля М.​Казлоўскаму. 1802.

т. 12, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)