КУ́РСКАЯ МАГНІ́ТНАЯ АНАМА́ЛІЯ
(КМА),
буйнейшы жалезарудны басейн на тэр. Курскай, Белгародскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Пл. каля 120 тыс. км2. Радовішчы магнетытавых кварцытаў прымеркаваны да метамарфічных парод і гранітоідаў дакембрыю; багатыя руды ў кары выветрывання жалезістых кварцытаў. Разведаныя запасы больш за 25 млрд. т, у якіх жалеза 32—37%, і больш за 30 млрд. т, у якіх жалеза 52—66%. Выяўлена ў 1783, эксплуатуецца з 1952. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі.
т. 9, с. 53
КУРСО́ГРАФ
(ад курс + ...граф),
навігацыйная прылада для аўтам. запісу курсу судна. Запіс наносіцца на папяровую стужку (курсаграму). К. працуе ад гіракомпаса або дыстанцыйнага магн. компаса.
т. 9, с. 53
КУРТА́Д (Courtade) П’ер
(3.1.1915, г. Баньер-дэ-Бігор, Францыя — 14.5.1963),
французскі пісьменнік і журналіст. У раманах філас.-сатыр. «Эльсенёр» (1949), сац.-паліт. «Джымі» (1951), «Чорная рака» (1953), «Чырвоная плошча» (1961; аўтабіягр.) гал. тэмы — акупацыя Францыі і Рух Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну, пасляваен. палітыка зах. краін, трагічныя падзеі ў СССР у часы культу асобы. Творы К. адметныя панарамнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, дынамізмам дзеяння, спалучэннем дакументальнасці з псіхалагізмам. Аўтар зб-каў апавяданняў «Абставіны» (1946) і «Вышэйшыя жывёлы» (1956), кніг публіцыстыкі. На бел. мову навелу К. «Канец Італіі» пераклаў А.Мароз.
Тв.:
Бел. пер. — Канец Італіі // Французская навела XX ст. Мн., 1992;
Рус. пер. — Джимми. М., 1953;
Красная площадь. М., 1963.
Е.А.Лявонава.
т. 9, с. 53
КУРТА́Ж
(франц. courtage),
узнагароджанне брокеру за пасрэдніцтва пры ажыццяўленні біржавай здзелкі. Падлічваецца звычайна ў праміле да сумы заключанай здзелкі і выплачваецца маклеру прадаўцом і пакупніком. Стаўкі К. залежаць ад катэгорыі каштоўных папер і тавараў, аб’ёму біржавых здзелак. Памеры К. вызначаюцца статутам біржы або па ўзгадненні паміж удзельнікам біржавай здзелкі і брокерам.
У.Р.Залатагораў.
т. 9, с. 53
КУРТА́НІЧ Вольга
(сапр. Мешчаракова Вольга Іванаўна; н. 6.3.1963, г. Качканар Свярдлоўскай вобл., Расія),
бел. пісьменніца. Скончыла Гомельскі ун-т (1987). Працавала ў выд-ве «Мастацкая літаратура», на Бел. радыё, з 1998 у штотыднёвіку «7 дней». Друкуецца з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. У цэнтры твораў вобраз жанчыны-сучасніцы з яе рамантызмам, самаахвярнасцю, філас. асэнсаваннем рэчаіснасці: паэт. зб-кі «Птушыным шляхам» (1990), «Начное сонца» (1994), аповесці «Эдэм пачынаецца летам» (1995), «Па вузкай дарозе ў цесную браму» (1997), апавяданні «Казка пра сяржанта Міхасёва», «Пакіньце яго плакаць», «У прымрак самоты, у звабны адчай...». Аўтар п’есы «Ружы для чужога кахання» (1995), публіцыст. артыкулаў, эсэ.
Т.Р.Ермаковіч.
т. 9, с. 53
КУРТО́ Яўген Іванавіч
(7.7.1924, в. Рачыборак Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.8.1993),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1949). У 1946—84 працаваў у газетах, выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1946. Пісаў для дзяцей і юнацтва (першы зб. «На начлезе», 1958). Гераізм школьнікаў у Вял. Айч. вайну, іх сучаснае жыццё — гал. тэмы кніг «Ён быў піянерам» (1960), «Шэсць кароткіх гісторый» (1965), «Над ярам» (1966), «Лясны ўрок» (1973), «Насустрач жыццю» (1974) і інш. На бел. мову пераклаў некат. творы К.Чапека, Э.Раўда, Ш.Бейшэналіева, Г.Цыруліса, А.Імерманіса і інш.
Тв.:
Дарога бяжыць насустрач. Мн., 1964;
Над ціхай Свідаўкай. Мн., 1972;
Шумеў Нягневіцкі лес. Мн., 1984.
т. 9, с. 53
КУРТУА́ЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
прыдворна-рыцарскі кірунак у еўрап. л-ры 12—14 ст.; прадстаўлена лірыкай трубадураў і трувераў у Францыі, мінезінгераў у Германіі і рыцарскімі раманамі. Пафас Кл. — ідэалы саслоўнага гонару і доблесці не ў імя рода ці краіны, як у гераічным эпасе, а асабістай славы і маральнага ўдасканалення. Куртуазная лірыка ўзбагаціла паэзію новымі тэмамі, жанравымі формамі, вершаванымі памерамі, рыфмай; рыцарскі раман і навела распрацоўвалі ант. і візант. сюжэты, тэматыку кельцкіх сказанняў аб легендарным каралю Артуру. У Кл. вылучаецца фігура творцы, з чым звязана ўслаўленне індывід. якасцей, паглыбленне псіхал. характарыстык, больш тонкае ўспрыняцце прыроды, устаноўка на займальнасць, авантурнасць.
т. 9, с. 53
КУРУЛТА́Й
(цюрк.),
1) у мангольскіх і цюркскіх народаў сход, з’езд, канферэнцыя, а таксама свята, баляванне.
2) У Бухарскай Народнай Савецкай Рэспубліцы і Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспубліцы (1920—24) — вышэйшы орган дзярж. улады.
т. 9, с. 53
КУРУ́МЫ, карумы,
значныя па плошчы скопішчы вял. глыб горных парод, што залягаюць у выглядзе плашча на горных схілах і плоскіх вяршынях. Узнікаюць у выніку інтэнсіўнага фіз. выветрывання. Паступова спаўзаючы ўніз па схілах, утвараюць каменныя рэкі. Тэрмін пашыраны пераважна ў раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Уваходзіць у склад шэрагу геагр. назваў (напр., горы Каракарум).
т. 9, с. 53
КУ́РУЦЫ
(венг. kurucok ад позналац. cruciati крыжаносцы),
1) удзельнікі сял. паўстанняў у Венгрыі ў 16 ст. (з часу Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514).
2) У 17 — пач. 18 ст. ўдзельнікі (сяляне і дваране) рухаў за незалежнасць Венгрыі ад Габсбургаў пад кіраўніцтвам І.Цёкёя і Ф.Ракацы.
т. 9, с. 53