Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАПТУРО́ВЫ СУД,

часовы надзвычайны суд у Рэчы Паспалітай па разгляду тэрміновых спраў у часы бескаралеўя. Са смерцю манарха звычайныя суды, якія ажыццяўлялі правасуддзе імем караля, спынялі сваю дзейнасць (акрамя гродскіх). Упершыню К.с. створаны канфедэрацыяй шляхты пасля смерці Жыгімонта II у 1572. Стафан Баторый прызнаў К.с. і зацвердзіў іх пастановы (выракі). Пасля яго смерці ў 1586 малапольская шляхта выбрала каптуровых суддзяў у асобе ваявод. Іх зацвердзіў Варшаўскі канвакацыйны сейм 1587, які дазволіў выбраць К.с. ва ўсіх ваяводствах, у т. л. ў ВКЛ. Практыку ўтварэння К.с. скасаваў сейм 1768.

т. 8, с. 30

КАПТЭНА́РМУС (франц. capitaine d’armes),

службовая асоба малодшага каманднага саставу ў роце, батарэі, эскадроне і інш., якая адказвала за захаванне, улік, выдачу маёмасці, харчавання, зброі і інш. Існавала ў Расіі з пач. 18 ст. да 1917, у Сав. Арміі ў 1918—50-я г.

т. 8, с. 30

КА́ПУАС (Kapuas),

рака ў Інданезіі, на З в-ва Калімантан. Даўж. 1040 км, пл. басейна 97 тыс. км². Вытокі ў хр. Бовен-Капуас, цячэ пераважна па забалочанай раўніне, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае дэльту. Мнагаводная, сярэдні гадавы расход вады больш за 5000 м³/с. Суднаходная на 900 км ад вусця (асн. трансп. шлях ва ўнутр. раёны вострава), сплаўная. Рыбалоўства. У дэльце — порт Пантыянак.

т. 8, с. 30

КАПУЛІРО́ЎКА (ад лац. copulare злучаць),

спосаб прышчэплівання раслін чаранком. Найб. пашыраны спосаб размнажэння пладовых дрэў і кустоў.

Пры простай К. (таўшчыня прышчэпы і прышчэпка да 1,5 см) на ніжніх канцах чарапка і галінкі робяць аднолькавыя па велічыні гладкія косыя зрэзы даўж. 3—4 см і накладваюць адзін на адзін так, каб іх камбіяльныя слаі супалі па ўсёй даўж. зрэзаў, шчыльна абвязваюць месца прышчэплівання плёнкай, цалкам закрываючы зрэзы. Верхні зрэз на прышчэпленым чаранку замазваюць садовым варам. Пры палепшанай К. сувязь прышчэпы з прышчэпкам больш трывалая, што дасягаецца з дапамогай язычкоў, якія робяцца на адлегласці ​1/3 ад ніжняга канца зрэзу на прышчэпе і на чаранку. Іх шчыльна прыкладваюць адзін да аднаго такім чынам, каб чаранок прасунуўся ўніз па зрэзе на прышчэп і ніжні канец зрэзу на чаранку супаў з пачаткам косага зрэзу на прышчэпе; потым месца прышчэплівання апрацоўваюць, як і пры простай К.

Капуліроўка простая (a) і палепшаная (б): 1 — зрэз прышчэпка; 2 — зрэз прышчэпы; 3 — злучэнне прышчэпка з прышчэпай; 4 — язычок.

т. 8, с. 30

КАПУЛЯТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ, савакупляльныя органы жывёл. У самцоў служаць для ўвядзення спермы ў цела самкі, у самак — для прыняцця К.о. самца і захоўвання спермы некат. час у жыццядзейным стане. Бываюць толькі ў жывёл з унутраным апладненнем: у многіх чарвей, малюскаў, членістаногіх, некат. рыб, птушак, бязногіх земнаводных і ўсіх паўзуноў (акрамя гатэрый) і млекакормячых. Адрозніваюць сапраўдныя К.о. (утвораны з канечных аддзелаў палавых праток) і не звязаныя анатамічна з палавой сістэмай (іх капулятыўная функцыя пабочная). Марфал. асаблівасці К.о. з’яўляюцца сістэм. адзнакамі.

т. 8, с. 31

КАПУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. copulatio злучэнне),

палавы акт у жывёл, якія маюць капулятыўныя органы, а таксама злучэнне пры палавым размнажэнні 2 асобін, у якіх адсутнічаюць капулятыўныя органы (напр., гатэрыі, дажджавыя чэрві). Да К. адносяць працэс зліцця 2 палавых клетак (ці асобін), якія знешне не адрозніваюцца (ізагаметы). Калі мужчынская гамета рэзка адрозніваецца ад жаночай, то працэс іх зліцця наз. апладненнем.

т. 8, с. 31

КАПУ́Р,

сям’я індыйскіх дзеячаў кіно. Прытхвірадж К. (3.11.1904—29.5.1972), акцёр, тэатр. рэжысёр. Скончыў юрыд. каледж у Лахоры. У 1944 заснаваў першы прафес. т-р на хіндзі «Прытхвітыэтрс» (у 1960 закрыты). Зняўся ў першым інд. гукавым фільме «Прыгажосць свету» (1931), а таксама «Бадзяга» (1951), «Мінулае, сучаснае і будучае» (1971), у сав.-інд. «Хаджэнне за тры моры» (1957). Радж К. (14.12.1924, г. Пешавар, Пакістан — 2.6.1988), акцёр, кінарэжысёр, прадзюсер, сцэнарыст. Сын Прытхвіраджа К. У 1947 заснаваў студыю «Радж Капур Філмс» у Бамбеі. Самабытны лірыка-камед. акцёр, танцор, валодаў вял. прывабнасцю, музыкальнасцю. Гал. ролі ў фільмах: «Бадзяга» (1951, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1953), «Пан 420» (1955). Рэжысёр фільмаў: «Сезон дажджоў» (1949), «Не спіце» (1956, у сав. пракаце «Пад покрывам ночы», прыз Міжнар. кінафестывалю за гал. ролю ў Карлавых Варах, 1957), «Маё імя клоун» (1970), «Любоўная немач» (1982) і інш. Сярод інш. прадстаўнікоў дынастыі К. — акцёры Шашы, Раджыў і інш.

А.​П.​Бабкова.

т. 8, с. 31

«КАПУ́СНІК»,

жартаўлівае гумарыстычнае парадыйнае тэатралізаванае прадстаўленне. Узнік у дарэв. Расіі. «К.» наладжвалі работнікі т-раў у час Вял. посту (назва ад традыц. поснага блюда — капусты ці пірага з капустай). У Пецярбургу найб. вядомы т. зв. «Варламаўскія К.» (вечары ў доме акцёра К.​А.​Варламава). У Маскве першыя «К.» ў выглядзе закрытых вечарын з пародыямі і жартамі арганізоўвала Т-ва мастацтва і л-ры. Пазней праводзіліся ў МХАТ (1902, 1903, 1908). У сав. час былі пашыраны як від маст. самадзейнасці. Форма вечароў «К.» захавалася да нашага часу ў вядучых бел. т-рах у дні свят, юбілеяў, а таксама як студэнцкія вечарыны.

т. 8, с. 31

КАПУ́СТА (Brassica),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.

К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 м выш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 см даўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.

Літ.:

Чулкова Е.И., Переднев В.П., Городилов Н.А. Капуста. Мн., 1973;

Советы огородникам. 2 изд., Мн., 1989.

У.​П.​Пярэднеў.

Капуста: 1 — кармавая; 2 — пекінская; 3 — кальрабі; 4 — брусельская; 5 — белакачанная; 6 — цвятная; 7 — чырвонакачанная.

т. 8, с. 31

КАПУ́СТА,

традыцыйная бел. страва з варанай дробна пакрышанай капусты з бульбай, прыправамі, часам грыбамі. Гатуюць з мясам або затаўкаюць здорам ці заскварваюць; часта перад ядою прыпраўляюць смятанаю.

т. 8, с. 32