Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛЕГІЯ́ЛЬНАСЦЬ,

прынцып і метад кіравання, якое ажыццяўляецца групай упаўнаважаных асоб (калегіяй), кожны з якіх нясе персанальную адказнасць за пэўную сферу дзейнасці.

т. 7, с. 458

КАЛЕ́ГІЯ АДВАКА́ТАЎ,

гл. ў арт. Адвакатура.

т. 7, с. 458

КАЛЕ́ДЖ (англ. college),

навучальная ўстанова (вышэйшая, сярэдняя, павышаная сярэдняя) у Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах. Самастойныя К. звычайна даюць агульную сярэднюю адукацыю. Могуць уваходзіць у склад ун-та (навучанне ў К. — першая ступень вышэйшай прафес. адукацыі). Узніклі ў пач. 13 ст. ў Англіі.

На Беларусі ствараюцца з 1990. Забяспечваюць паглыбленую сярэднюю спец. адукацыю, інтэграваную з агульнай сярэдняй і вышэйшай пры арыентацыі на канкрэтную галіну прафес. дзейнасці. Падрыхтоўка вядзецца на 2 узроўнях. Першы (узровень тэхнікума) рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй, 2-і — з паглыбленай сярэдняй адукацыяй (у праграмы ўключаны дысцыпліны, якія вывучаюцца ў ВНУ, што дазваляе пры паступленні ў ВНУ па профілі займацца па скарочанай праграме).

т. 7, с. 458

КАЛЕ́ДЗІН (Аляксей Максімавіч) (24.10.1861, станіца Усць-Хапёрская Серафімовіцкага р-на Валгаградскай вобл. — 11.2.1918),

расійскі ваен. дзеяч, адзін з кіраўнікоў казацкага антысав. руху на Доне ў 1917—18. Генерал ад кавалерыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1882) і Акадэмію Генштаба (1889). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 17(30).6.1917 атаман войска Данскога, са снеж. 1917 і чл. кіраўніцтва «Данскога грамадз. савета». 25.10(7.11).1917 заявіў аб непрызнанні прыходу да ўлады бальшавікоў і на чале данскога казацтва пачаў узбр. барацьбу супраць іх. Пацярпеў паражэнне, скончыў самагубствам.

М.С.Даўгяла.

т. 7, с. 458

КАЛЕДО́НІЯ (Caledonia),

старажытная назва паўн. часткі в-ва Вялікабрытанія. У л-ры ўжываецца як паэт. назва Шатландыі.

т. 7, с. 458

КАЛЕДО́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах. ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш. Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.

т. 7, с. 458

КАЛЕ́Ж (франц. collćge),

сярэдняя і няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў Францыі і краінах, дзе выкарыстоўваюцца прынцыпы франц. адукац. сістэмы (Бельгія, Швейцарыя, Канада і інш.). Першыя К. ўзніклі ў Францыі ў сярэдневякоўі пры ун-тах. У перыяд Франц. рэвалюцыі канца 18 ст. зачынены. У 1808 такая назва была прысвоена сярэднім школам (прыватным і тым, што былі на бюджэце мясц. улад). У 1963 у Францыі створаны К. сярэдняй адукацыі.

т. 7, с. 458

КАЛЕ́Ж ДЭ ФРАНС (Collćge de France),

адна з старэйшых н.-д. і навуч. устаноў Францыі. Засн. ў 1530 у Парыжы. Арганізоўвае агульнадаступныя (без экзаменаў, звычайна для асоб з вышэйшай адукацыяй) курсы лекцый, пераважна па прыродазнаўчанавук. тэматыцы, якую штогод вызначаюць прафесары на аснове сваіх найноўшых даследаванняў. Вучоныя ступені і дыпломы не прысуджае. Н.-д. і выкладчыцкую работу праводзяць найб. дасведчаныя вучоныя з розных галін ведаў.

т. 7, с. 458

КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),

трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.

т. 7, с. 459

КАЛЕ́КТАР (ад лац. collector збіральнік),

1) установа, якая збірае і размяркоўвае што-н. (напр., бібліятэчны К.).

2) Асоба, што збірае і апісвае якія-н. узоры (напр., горныя пароды, глебы).

3) Частка ротара (якара) электрарухавікоў і генератараў пастаяннага (часам пераменнага) току, пераўтваральнікаў частаты эл. току і інш. Гл. таксама Калектарная машына.

4) Электрод паўправадніковага трыёда (транзістара) і некаторых звышвысокачастотных прылад (клістрона, лямпы бягучай хвалі і інш.).

5) Участак каналізацыйнай сеткі (труба, рэзервуар), куды падаюцца сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання.

6) Дрэнажная труба ці канал, па якой ваду з асушальнай тэрыторыі (гл. Асушальная сістэма) адводзяць за яе межы.

7) Падземная галерэя, куды ўкладваюць кабелі сувязі (К. сувязі) ці трубы — водаправодныя, газавыя і інш. (К. агульны). 8) Назва некаторых тэхн. прылад для размеркавання (напр., усмоктвальныя К.) ці збірання і адводу газаў (выпускны К. рухавіка ўнутр. згарання).

т. 7, с. 459