Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАВЫ́ЛЬ (Stipa),

род кветкавых раслін сям. злакаў. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых, субтрапічных і горных раёнах тропікаў абодвух паўшар’яў. Асн. расліны стэпаў, прэрый, пампасаў і паўпустынь. У Цэнтр. бат. садзе Нац.

АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: К. валасацік (S. capillata), К. перысты (S. pennata), К. Лесінга (S. lessingiana).

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, шчыльнакустовыя расліны з моцным голым сцяблом выш. 30—150 см. Лісце вузкае, складзенае ўздоўж, шылападобнае. Суквецці — сціснутая або слабараскіданая мяцёлка з аднакветнымі двухполымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя, прамысл., дэкар. расліны.

Кавыль Сырэйшчыкава.

т. 7, с. 401

КАВЫ́ЛЬ (Міхась) (сапр. Лешчанка Язэп Казіміравіч; н. 1.11.1915, в. Покрашава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Бел. пед. тэхнікуме (1930—33). 23.2.1933 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д.​Усходзе. У 1935 вызвалены, жыў у Варонеш (1935—41), дзе вучыўся ў пед. ін-це, працаваў на машынабудаўнічым з-дзе, настаўнічаў. З пач. Вял. Айч. вайны на Укр. фронце. У 1942 трапіў у палон, у 1943 выпушчаны на волю, вярнуўся ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 у ЗША. Друкавацца пачаў у 1929. На эміграцыі выйшлі зб-кі яго паэзіі «Ростань» (1947), «Пад зорамі белымі» (1954), «Першая рана» (1960), «Цяжкія думы» (1961). Аўтар паэм «Пад небам Случчыны каханай» (1943), «Міжагнёўе» (1982), рамана «Із агню ды ў полымя» (1990—97). Рэдактар час. «Беларуская думка».

Тв.:

Міжагнёўе: Выбр. тв. Ню Ёрк, 1990.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 401

КАВЯ́ЗІН (Мікалай Аляксандравіч) (15.9.1898, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 9.3.1950),

бел. рэжысёр, педагог, мастак, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1949). У 1928—31 стажыраваўся ў Маскоўскім і Ленінградскім т-рах юнага гледача. З 1922 акцёр і мастак у 2-й вандроўнай трупе Галоўпалітасветы, у 1923—28 выкладаў маляванне ў чыг. школе Мінска. Арганізатар і маст. кіраўнік Т-ра юнага гледача Беларусі (1931—37), Полацкага калгасна-саўгаснага (1938—39), абласных драм. Палескага (з 1944), Бабруйскага (з 1945), Гродзенскага (з 1947) т-раў. Пастаноўкі К. вызначаліся тэатральнасцю, глыбокім раскрыццём сутнасці з’яў і характараў. Рэжысёр і мастак спектакляў: «На штурм» Я.​Маўра (1931), «Наш» М.​Зныка (1932), «Шлях далёкі» М.​Шастакова (1934), «Заложнікі» А.​Кучара (1944), «Без віны вінаватыя» (1945) і «Праўда добра, а шчасце лепш» (1946) А.​Астроўскага, «Сын» С.​Паташова (1948), «На дне» М.​Горкага (1950). Рэжысёр спектакляў: «Дружына» А.​Бруштэйн (1935), «Мікола Гоман» В.​Сташэўскага і «Ная» М.​Зарэцкага (абодва 1936), «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона (1947), «Ракавая спадчына» Л.​Шэйніна (1949) і інш.

Літ.:

Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество. Мн., 1990.

У.​І.​Няфёд.

М.А.Кавязін.

т. 7, с. 401

КАВЯ́ЗІНА (дзявочае Заборская) Марыя Уладзіміраўна

(15.10.1911, Мінск — 12.4.1975),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1956). Працавала ў т-рах: Бел. юнага гледача (1931—41), Палескім імя Я.​Купалы (1945), Бабруйскім (1946—47) і Гродзенскім (1947—69) абл. драматычных. Выканаўца вострахарактарных, драм. і камедыйна-сатыр. роляў, вобразы якіх вызначаліся глыбінёй раскрыцця характараў, дакладным адчуваннем стылю эпохі. Сярод роляў: Арына Радзівонаўна («Казка пра цара Салтана» паводле А.​Пушкіна), Маці («Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага), Ірад («Вінтоўка 492116» А.​Крона), Класная дама («Блакітнае і ружовае» А.​Бруштэйн) — у Бел. т-ры юнага гледача; Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), цёця Каця («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы) — у Палескім т-ры; Ісабэль («Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона), Эдзі («Лісічкі» Л.​Хелман) — у Бабруйскім т-ры; Кукушкіна, Мурзавецкая, Гурмыжская («Даходнае месца», «Ваўкі і авечкі», «Лес» А.​Астроўскага), Насця, Софія, Васа Жалязнова, Багаеўская («На дне», «Апошнія», «Васа Жалязнова», «Варвары» М.​Горкага).

У.​І.​Няфёд.

т. 7, с. 401

КАВЯРЗНІ́,

лыкавыя лапці з закрытымі насамі.

т. 7, с. 401

КАВЯЧЫ́НСКІ (Мацей) (канец 1520-х г. — 1-я пал. 1572),

бел. кнігавыдавец, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч. У 1540-я г. вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, з канца 1550-х г. жыў на Беларусі. Нясвіжскі намеснік М.​Радзівіла Чорнага. Засн. порт на р. Узда, паперню ў Нясвіжы. Удзельнічаў у кальвінісцкім, пазней у арыянскім руху на Беларусі, у Літве і Польшчы. У 1561—62 з С.​Будным і Л.​Крышкоўскім засн. Нясвіжскую друкарню, у якой у 1562 надрукаваны першыя на Беларусі выданні на бел. мове — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» Буднага. Аўтар прадмоў да некат. нясвіжскіх выданняў. Пасля смерці К. маёмасць перайшла яго братам, друкарню купіў Я.​Кішка.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 7, с. 401