БЯЛЯ́ЕЎ Мікалай Рыгоравіч
(н. 5.6.1925, в. Кругліца Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з сак. 1944 на 1-м Бел. фронце. Камандзір мінамётнага разліку ст. сяржант Б. вызначыўся ў баях на тэр. Польшчы і Германіі.
т. 3, с. 405
БЯЛЯ́ЕЎ Мітрафан Пятровіч
(22.2.1836, С.-Пецярбруг — 4 ці 10.1.1904),
рускі муз. дзеяч, выдавец, мецэнат. У яго доме ў 1880—90-я г. збіраліся пецярб. кампазітары т.зв. Бяляеўскага гуртка на чале з М.Рымскім-Корсакавым. Заснаваў Глінкаўскія прэміі (1884, пакінуў фонд для іх), «Рускія сімф. канцэрты» (1885), выд-ва «М.П.Бяляеў у Лейпцыгу» з нотагандл. базай у Пецярбургу (1885), «Рускія квартэтныя вечары» (1891). Старшыня Пецярб. т-ва камернай музыкі (з 1898); наладжваў штогадовыя конкурсы на лепшы камерна-інстр. твор (з 1892, з прысуджэннем прэмій).
т. 3, с. 405
БЯЛЯ́ЕЎ Міхаіл Веніямінавіч
(н. 10.7.1922, г. Тамбоў, Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскі ін-т дэкар.-прыкладнога мастацтва (1950). З 1950 у Львоўскім ін-це дэкар.-прыкладнога мастацтва, з 1962 у Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў галіне керамікі. У аснове творчасці — легенды, казкі, алегарычныя сюжэты. Работы вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, вобразнай выразнасцю. Аўтар дэкар. кампазіцый «Лясная песня» (трыптых па творах Л.Украінкі, 1958); алегарычных скульптур «Бярэзіна» (1967), «Яблынька» (1979), «Лясун»; серыі «Поры года»; 5 дэкар. масак для фантана каля Дзярж. т-ра музкамедыі Беларусі (усе 1981); маст.-керамічнай абліцоўкі вытв. корпуса Бел. тэлебачання (1985), «Сцяпан Палубес», «Весці Чарнобыля», «Перакаці-поле» (усе 1990), «Казка» (1992) і інш.
т. 3, с. 405
БЯЛЯ́ЕЎ Павел Іванавіч
(26.6.1925, с. Чэлішчава Тацемскага р-на Валагодскай вобл., Расія — 10.1.1970),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1965), лётчык-касманаўт СССР (1965). Скончыў Ейскае авіявучылішча марскіх лётчыкаў-знішчальнікаў (1945), Ваенна-паветр. акадэмію (цяпер імя Ю.А.Гагарына, 1959). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 18—19.3.1965 з А.А.Лявонавым здзейсніў палёт як камандзір касм. карабля «Узыход-2». У час палёту кіраваў выхадам Лявонава ў космас (упершыню ў свеце). Пры пасадцы выкарыстаў сістэму ручнога кіравання. Працягласць палёту 2,08 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.
т. 3, с. 405
БЯЛЯ́ЕЎ Уладзімір Паўлавіч
(21.3.1907, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 20.2.1990),
рускі пісьменнік. Пісаў на рус. і ўкр. мовах. Першы твор — аповесць «Падлеткі» (1936). Найб. значны — трылогія «Старая крэпасць» (ч. 1—2, 1937—51; Дзярж. прэмія СССР 1952; фільм «Трывожная маладосць», 1955) пра лёс, прыгоды-выпрабаванні дзяцей у грамадз. вайну, дзейнасць першых камсамольцаў. Аўтар кніг апавяданняў, нарысаў, прысвечаных Вял. Айч. вайне («Граніца ў агні», 1948; «На ваенных дарогах», 1956; «Хто табе здрадзіў?», 1969; «Вішнёвая алея», 1985), дакумент. аповесці «Рэха чорнага лесу» (1963, з І.В.Падаляніным) і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1975.
Літ.:
Разумневич В. Владимир Беляев: Очерк творчества. М., 1983.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 405
БЯЛЯ́ЕЎ Якаў Дзмітрыевіч
(15.3.1918, в. Піхалёва Кінешамскага р-на Іванаўскай вобл., Расія — 6.7.1941),
Герой Сав. Саюза (1941). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандзір бронемашыны сяржант Бяляеў вызначыўся ў абарончых баях 25.6.1941 каля в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на, 6 ліп. ў Крупскім р-не Мінскай вобл., дзе загінуў у рукапашным баі.
т. 3, с. 405
БЯЛЯ́ЕЎ Яўген Міхайлавіч
(н. 11.9.1926, г. Клінцы Бранскай вобл., Расія),
рускі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1967). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1968). З 1947 саліст ансамбляў песні і танца Прыкарпацкай і Кіеўскай ваен. акруг, у 1955—79 — Ансамбля песні і танца Сав. Арміі, з 1980 — Расканцэрта. Ў рэпертуары рус. нар. песні, песні сучасных кампазітараў (многія выканаў упершыню). Дзярж. прэмія СССР 1978.
т. 3, с. 405