Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБВІНАВА́ЧАНЫ,

асоба, прыцягнутая да крымін. адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку. Умовай прыцягнення асобы ў якасці абвінавачанага з’яўляецца наяўнасць дастатковых доказаў пра ўчыненне ёю злачынства. Прававое становішча абвінавачанага (працэсуальныя гарантыі, права на абарону і інш.) вызначаецца законам. Абвінавачаны, аддадзены пад суд, наз. падсудным.

т. 1, с. 17

АБВО́ЙНІК

(Periploca),

род кустоў сям. ластаўневых. Вядома каля 15 відаў, пашыраны ў Міжземнамор’і, трапічнай Афрыцы, ва ўмераных і субтрапічных паясах Азіі; на Каўказе расце абвойнік грэчаскі (P. graeca), на Д.Усходзе абвойнік тынавы (P. sepium).

Ліяны выш. да 12 м. Кветкі буйныя, да 3 см у дыяметры, зеленавата-бурыя, з цяжкім пахам. Плады — лістоўкі са шматлікім плоскім насеннем. Вырошчваюць як лек. і дэкар. расліны.

т. 1, с. 17

АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,

папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.

Л.В.Паўлава.

т. 1, с. 17

АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,

паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.

т. 1, с. 18

АБДАЛА́Х ІБН АЛЬ-САІ́Д МУХА́МЕД Халіфа

(1846 — ліст. 1899),

правіцель незалежнай суданскай дзяржавы [1885—вер. 1898] пасля смерці Махдзі. Ліквідаваў сепаратызм правадыроў плямёнаў, умацаваў дзяржаву махдзістаў, стварыў моцную армію. Узначаліў супраціўленне суданцаў англ. каланізатарам у 1896—98. Пасля перамогі англічан пры Амдурмане (вер. 1898) кіраўнік партыз. барацьбы. Забіты ў баі.

т. 1, с. 18

АБДАРАХМА́Н I

(каля 734—788),

заснавальнік Кардоўскага эмірата ў Іспаніі і дынастыі Амеядаў. З-за ганенняў Абасідаў у 750 уцёк з Сірыі ў Іспанію, дзе ў 756 стварыў незалежны эмірат са сталіцай у Кордаве. Праводзіў палітыку цэнтралізацыі, паспяхова змагаўся з араба-берберскай плем. знаццю. Адбіў нападзенні хрысц. правіцеляў Паўн. Іспаніі і франкаў Карла Вялікага.

т. 1, с. 18

АБДАРАХМА́Н II

(792—852),

эмір Кардоўскага эмірата [822—852]. Праўнук Абдарахмана І. Спрыяў развіццю навук і мастацтва, выдаткоўваў вял. сродкі на буд-ва палацаў і мячэцяў, што прывяло да ўзмацнення падатковага прыгнёту. Вызначаўся верацярпімасцю. Устанавіў дыпламат. і гандл. адносіны з Візантыяй.

т. 1, с. 18

АБДАРАХМА́Н III ан-Насір

(Перамаганосны; 7.1.891—961),

эмір (з 912), халіф (з 929) Кардоўскага эмірата. У выніку 30-гадовай барацьбы з мясц. феадаламі і плямёнамі аднавіў адзінства эмірата, які распаўся пры яго папярэдніках. Падначаліў Сеуту (Марока), Таледа (Іспанія); яму плацілі даніну Леон і Навара. Устанавіў дыпламат. адносіны з Візантыяй і Атонам І у Германіі. Стварыў мацнейшы на Міжземным моры флот. Сфарміраваў гвардыю з еўрап. (пераважна славянскіх) рабоў. Спрыяў развіццю навук і мастацтва. Яго праўленне — вяршыня магутнасці кардоўскіх Амеядаў.

т. 1, с. 18

АБДРАШЫ́ТАЎ Вадзім Юсупавіч

(н. 19.1.1945, г. Алматы),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1974). Фільмам Абдрашытава ўласцівы фабульная пэўнасць, стрыманасць і камерныя інтанацыі, кантрастныя паралелі: «Слова для абароны», «Спыніўся поезд» (Дзярж. прэмія Расіі 1984), «Парад планет», «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.

т. 1, с. 18

АБДУ́КЦЫЯ,

перанос акіянічнай кары і мантыі на ўскраіну кантынента. У выніку абдукцыі цяжкія блокі акіянскай літасферы нагрувашчваюцца на менш шчыльную кантынентальную кару, утвараючы афіялітавыя комплексы (гл. Афіяліты). Пашыраны ў знешніх частках складкавых абласцей Апалачаў, Альпаў, Гімалаеў, Андаў і інш.

т. 1, с. 18