ГАРЭ́ЛІК Зіновій Самуілавіч
(19.11.1904, г. Асіповічы Магілёўскай вобл. — 14.12.1968),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Сімферопальскі камвну (1924), курсы ўдасканалення камсаставу (1940), курсы «Выстрал» (1943). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд., Сталінградскім, Цэнтр., Бел. франтах. Камандзір стралк. роты ст. лейт. Гарэлік вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.: 16—18 кастр. дэсантная група пад яго камандаваннем першая фарсіравала Дняпро, вызваліла в. Шчытцы, заняла ўмацаваны рубеж, перарэзала важную магістраль праціўніка. Да 1945 у Чырв. Арміі.
т. 5, с. 78
ГАРЭ́ЛІК Іосіф Ісакавіч
(3.12.1921, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1966). Скончыў Ленінградскі юрыд. ін-т (1944). Працаваў у суд. органах Беларусі, у Мінскім юрыд. ін-це. У 1955—92 (з 1966 праф.) у БДУ. З 1995 жыве ў ЗША Даследаваў праблемы крымін. права, гісторыі права, прававыя аспекты трансплантацыі органаў і тканак.
Тв.:
Ответственность за оставление в опасности по советскому уголовному праву. М, 1960;
Ответственность за поставление в опасность по советскому уголовному праву. Мн., 1964.
т. 5, с. 78
ГАРЭ́ЛІК Леў Давыдавіч
(16.2.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.4.1996),
бел. скрыпач, педагог. Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952, класы А.Амітона, А.Бяссмертнага). З 1945 артыст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, з 1956 канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1952 выкладаў у спец. муз. школе пры кансерваторыі, у 1960—77 у Мінскім муз. вучылішчы, з 1981 у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі; з 1993 дацэнт). Музыкант яркай індывідуальнасці, вял. тэхн. магчымасцей, здольны да тонкага пранікнення ў стыль і характар музыкі. Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца большасці твораў бел. скрыпічнай музыкі, у т. л. фантазій для скрыпкі з аркестрам М.Аладава, Г.Вагнера, канцэртаў П.Падкавырава, Р.Суруса, Г.Гарэлавай, канцэрціна Дз.Смольскага, санат А.Багатырова, Падкавырава, Л.Абеліёвіча, Э.Тырманд, прысвечанай яму «Паэмы» для скрыпкі і фп. Вагнера і інш.
І.І.Зубрыч.
т. 5, с. 78
ГАРЭ́ЛІК Любоў Мікалаеўна
(н. 16.3.1941, в. Хацяноўшчына Мінскага р-на),
бел. літаратуразнавец. Скончыла БДУ (1964). Канд. філал. н. (1973). Працавала настаўніцай, з 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Выступае ў друку па пытаннях сучаснага літ. працэсу, з артыкуламі, прысвечанымі творчасці П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, А.Пысіна, Р.Барадуліна. Аўтар манаграфій «Аляксей Пысін» (1981), «Зямля бацькоў дала мне права» (1983), «Сатыры слова гнеўнае» (1989), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996; з Т.К.Грамадчанка і А.С.Гурскай).
т. 5, с. 79
ГАРЭ́ЛІК Пётр Васілевіч
(н. 15.2.1949, в. Кавальцы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-хірург. Д-р мед. н. (1991), праф. (1994). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1974). З 1978 у гэтым ін-це. Навук. працы па хірург. гепаталогіі, абдамінальнай (хваробы і траўмы брушной поласці) хірургіі.
Тв: Симультантные операции при язвенной болезни желудка и двенадцатиперстной кишки // Материалы XI съезда бел. хирургов. Гродно, 1995. Т. 1.
т. 5, с. 79
ГАРЭ́ЛІК Саламон Аронавіч
(7.7.1913, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 22.10.1941),
Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Ленінградскую ваен. школу авіяц. тэхнікаў (1932). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце: пад варожым агнём рамантаваў падбітыя танкі, удзельнічаў у баях як камандзір танка. 22.10.1941 у баі пад Белгарадам яго танк быў падбіты і загарэўся; экіпаж змагаўся да апошняга снарада. Гарэлік загінуў у гэтым баі.
т. 5, с. 79
ГАРЭ́ЛІКАВА Таццяна Іванаўна
(н. 28.11.1947, в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. празаік. Скончыла БДУ (1970). Друкуецца з 1962. Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Дзе лес шуміць» (1978), «Пры святле расстанняў» (1985) і інш. Асноўнае ў яе творах — маральна-этычныя аспекты грамадства, духоўныя пошукі героя. Адметнае ў маст. манеры — аўтарская занепакоенасць людскімі лёсамі, шматграннасць чалавечай душы, клопат пра заўтрашні дзень Сусвету.
т. 5, с. 79
ГАРЭ́ЛКА,
моцны алкагольны напітак; сумесь рэктыфікаванага этылавага спірту (40—56 аб’ёмных %) са змякчанай вадой. Для прыгатавання гарэлкі водна-спіртавую сумесь прапускаюць праз актываваны вугаль, потым фільтруюць. Розныя віды гарэлкі маюць цукар, пітную соду, ацэтат натрыю і інш. Перагонкай зброджаных пладоў і ягад атрымліваюць гарэлку вінаградную, вішнёвую і да т.п.
т. 5, с. 79
«ГАРЭ́ЛКА»,
бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але патрэбны няцотны лік) становяцца парамі ў адну калону. Хто застаўся без пары — вядучы. Ён ідзе ўперадзе калоны і прыгаворвае: «Гары, гары масла, каб не згасла. Званы звіняць, птушкі ляцяць. Апошнія ўздагон!». Пры слове «ўздагон» апошняя пара павінна выбегчы ўперад і ўзяцца за рукі. Вядучы стараецца іх апярэдзіць і схапіць каго-н. за руку. Хто застаецца адзін (без пары), становіцца вядучым, і гульня працягваецца.
Я.Р.Вількін.
т. 5, с. 79
ГАРЭ́ЛКА ГА́ЗАВАЯ,
прыстасаванне для спальвання газавага паліва ў быт. і прамысл. прыладах і ўстаноўках. Мае змешвальнае прыстасаванне (дзе газ змешваецца з паветрам), галоўку (забяспечвае выхад газапаветр. патоку ў топку) і агнявую частку (дзе адбываецца працэс гарэння).
Гарэлкі газавыя бываюць: факельныя (частковае і незавершанае змешванне газу з паветрам) і бесфакельныя (поўнае папярэдняе змешванне); невыдзімальныя (паветра паступае ў топку ў выніку разрэджвання), інжэкцыйныя (паветра засмоктваецца газавым струменем) і выдзімальныя, або змешвальныя (паветра падаецца ў топку вентылятарам); нізкага (да 5 кПа), сярэднага (5—300 кПа) і высокага (больш за 300 кПа) ціску. Выдзімальныя часта робяць камбінаваныя (газамазутныя і пылагазавыя), што дазваляе пераходзіць з аднаго віду паліва на іншы. Вадкасныя гарэлкі наз. фарсункамі.
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
т. 5, с. 79