ГАРЭ́ЛІК Леў Давыдавіч
(16.2.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.4.1996),
бел. скрыпач, педагог. Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952, класы А.Амітона, А.Бяссмертнага). З 1945 артыст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, з 1956 канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1952 выкладаў у спец. муз. школе пры кансерваторыі, у 1960—77 у Мінскім муз. вучылішчы, з 1981 у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі; з 1993 дацэнт). Музыкант яркай індывідуальнасці, вял. тэхн. магчымасцей, здольны да тонкага пранікнення ў стыль і характар музыкі. Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца большасці твораў бел. скрыпічнай музыкі, у т. л. фантазій для скрыпкі з аркестрам М.Аладава, Г.Вагнера, канцэртаў П.Падкавырава, Р.Суруса, Г.Гарэлавай, канцэрціна Дз.Смольскага, санат А.Багатырова, Падкавырава, Л.Абеліёвіча, Э.Тырманд, прысвечанай яму «Паэмы» для скрыпкі і фп. Вагнера і інш.
І.І.Зубрыч.
т. 5, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)