САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЕ ДАСЛЕ́ДАВАННЕ,
сістэма паслядоўных метадалагічных, метадычных і арганізацыйна-тэхн. працэдур, накіраваных на атрыманне ведаў аб пэўных сац. з’явах і працэсах, тэндэнцыях і супярэчнасцях іх развіцця. Абумоўлена грамадскай патрэбнасцю ў новых сац. ведах, пазнанні грамадства, тэндэнцый развіцця сац. адносін, фактараў, якія ўплываюць на сац. з’явы, змены ўзаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі і дзяржавай. Тэорыя С.д. накіравана на асэнсаванне сутнасці сац. аб’ектаў і сувязі паміж імі, тлумачэнне сац. з’яў і працэсаў. Метадалогію С.д. складаюць агульнанавук. сродкі пазнання сац. аб’ектаў і спецыфічныя метады, непасрэдна звязаныя з прадметам даследавання. Методыка С.д. — гэта сістэма аперацый, працэдур, прыёмаў вывучэння сац. аб’ектаў, іх сістэматызацыя і аналіз. Паводле складанасці і маштабнасці задач адрозніваюць С.Д.: разведвальныя (пілатажныя, зандажныя) — пробныя, папярэднія даследаванні, якія праводзяцца з мэтай удакладнення элементаў асн. С.д.; апісальныя, накіраваныя на вывучэнне складаных, неаднародных па сваіх якасных і колькасных характарыстыках сац. аб’ектаў; аналітычныя — вывучэнне прычын, што абумовілі пэўны характар змен сац. аб’ектаў, вызначэнне і паглыблены аналіз яго асн. параметраў, уласцівасцей і функцый. Вылучаюць тэарэт. і эмпірычныя С.д. У межах тэарэтычнага С.д. распрацоўваюцца сацыялагічныя тэорыі, ажыццяўляецца тыпалагізацыя і класіфікацыя сацыялагічнай інфармацыі, выяўленне заканамернасцей, тэндэнцый і перспектыў развіцця пэўных сац. працэсаў і з’яў і сацыялагічнай навукі ўвогуле. Эмпірычнае С.д. вывучае і абагульняе сац. факты шляхам прамой ці ўскоснай рэгістрацыі. С.д. праводзіцца па распрацаванай праграме (сістэме тэарэт. і эмпірычных працэдур), якая складаецца з метадалагічнай і працэдурнай частак. Метадалагічная частка ўключае этапы вызначэння праблемы, аб’екта і прадмета С.д., характарыстыкі мэтаў і задач, удакладнення асн. паняццяў, папярэдняга апісання (сістэмнага аналізу) аб’екта даследавання, фармулявання гіпотэз. Працэдурная частка С.д. заключаецца ў распрацоўцы стратэгічнага плана даследавання, апісанні метадаў і тэхнікі збору сацыялагічных даных, сістэматызацыі і аналізе атрыманай інфармацыі. У С.д. выкарыстоўваецца шэраг спец. сацыялагічных метадаў. Найб. пашыраныя метады збору сацыялагічнай інфармацыі: апытанне (анкетаванне і інтэрв’ю), аналіз дакументаў (усебаковае даследаванне тэкставых дакументаў, дакладаў, пратаколаў, архіўных матэрыялаў і інш., абагульненне і сістэматызацыя атрыманых даных), кантэнт-аналіз (колькаснае вывучэнне зместу, сац. інфармацыі, найб. распаўсюджанае пры даследаваннях СМІ), назіранне, эксперымент, мадэліраванне сацыяльнае, матэматычнае мадэліраванне.
Літ.:
Ядов В.А. Социологическое исследование: методология, программа, методы. Самара, 1995;
Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998;
Бабосов Е.М. Социология. Мн., 1998;
Тощенко Ж.М. Социология: Общий курс. 2 изд. М., 1999.
І.В.Катляроў.
т. 14, с. 209