САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,

метадалагічная і тэарэтычная пазіцыя ў сацыялогіі і сац. філасофіі, пры якой у тлумачэнні чалавека і яго асяроддзя першаступеннае значэнне надаецца сац. рэальнасці і сацыялагічным метадам. Развіваецца з канца 19 ст. як рэакцыя на натуралізм і псіхалагізм у грамадскіх навуках. Прынцыпы С. развівалі франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм і яго паслядоўнікі ў даследаваннях маралі, рэлігіі і навукі, каставага ладу (С.​Бугле), этнічных працэсаў (М.​Мос), права (Ж.​Даві), эканомікі (Ф.​Сіміян) і інш. У метадалагічным плане С. — прызнанне сацыялогіі асобнай, незалежнай навукай і імкненне тлумачыць розныя з’явы рэчаіснасці выключна сац. прычынамі, а часам абсалютызацыя ролі сацыялагічнага падыходу ў трактоўцы культ.-гіст. працэсу (гл. Вульгарны сацыялагізм). У анталагічным плане С. — сцвярджэнне аўтаномнасці сац. рэальнасці і яе перавагі над індывідамі.

т. 14, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)