Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САВІ́ЦКІ (Георгій Канстанцінавіч) (6.11.1887, С.-Пецярбург — 13.8.1949),

расійскі жывапісец і графік. Сын К.​А.​Савіцкага. Правадз. чл. АМ СССР (1949). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1908—15). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). З 1947 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це. Аўтар гіст., батальных і жанравых карцін («Апошні дзень Троі», 1915; «1919 гад», 1921; «Снежань у Маскве», 1925; «На манеўрах», 1938), партрэтаў, пейзажаў, ілюстрацый да кніг. Удзельнічаў у стварэнні панарамы «Штурм Перакопа» (1934—38), у выпуску «Окон ТАСС» (1941—42). Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Молодым художникам о мастерстве. М., 1952.

Літ.:

Полищук Э.А. Г.​К.​Савицкий. М., 1961.

Г.Савіцкі. Снежань у Маскве. 1925.

т. 14, с. 70

САВІ́ЦКІ (Канстанцін Апалонавіч) (6.6.1844, г. Таганрог, Расія — 13.2.1905),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1862—73). Правадз. чл. Пецярб. АМ (з 1895). Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (1878, гл. Перасоўнікі). З 1891 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, з 1897 у Пензенскім маст. вучылішчы (дырэктар). Для творчасці характэрны выкрывальная скіраванасць, імкненне перадаць складаную псіхалогію і выразнасць нар. тыпажу, майстэрства кампаноўкі шматфігурных сцэн. Пісаў пераважна жанравыя карціны: «Рамонтныя работы на чыгунцы» (1874), «Сустрэча абраза» (1878). У шэрагу твораў сцэны нар. жыцця набываюць трагедыйнае гучанне («На вайну», 1880—88), перадаюць вастрыню сац. канфлікту («Спрэчка на мяжы», 1897). Аўтар ілюстрацый, афортаў, літаграфій.

Літ.:

Левенфиш Е.Г. К.​А.​Савицкий, 1844—1905. Л.;

М., 1959.

К.Савіцкі. Рамонтныя работы на чыгунцы. 1874.

т. 14, с. 70

САВІ́ЦКІ (Маркел Сцяпанавіч) (19.6.1898, в. Расасна Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 24.7.1975),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1924). З 1963 заг. кафедры БСГА. Навук. працы па агратэхніцы збожжавых культур. Прапанаваў структурную формулу ўраджайнасці палявых культур, распрацаваў методыку норм высеву збожжавых культур па аптымальным сцебластоі.

Тв.:

Биологические и агрономические основы формирования высоких урожаев зерновых культур. М., 1968;

Теоретические основы методики определения норм высева зерновых культур по оптимальному стеблестою // Нормы высева, способы посева и площади питания сельскохозяйственных культур. М., 1971.

т. 14, с. 70

САВІ́ЦКІ (Мікалай Іванавіч) (н. 4.2.1934, в. Паўлаўшчына Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны. ў галіне эканомікі. Канд. эканам. н. (1963), праф. (1982). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957). З 1964 у Бел. эканам. ун-це (у 1965—86 заг. кафедры). Навук. працы па эканам. інфарматыцы, праграмаванні, тэхналогіі захоўвання і апрацоўкі звестак, аўтаматызацыі ўліку.

Тв.:

Техника вычислений и механизация учета. 3 изд. М., 1979;

Вычислительные машины и программирование. 2 изд Мн., 1980;

Руска-беларуска-англійскі слоўнік па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы. Мн., 1992;

Эканамічная інфарматыка і вылічальная тэхніка. Мн., 1996;

Тэхналогіі арганізацыі, захоўвання і апрацоўкі звестак. Мн., 2000.

т. 14, с. 70

САВІ́ЦКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Нар. маст. Беларусі (1972). Нар. маст. СССР (1983). Правадз. чл. АМ Расіі (1982). Акад. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Маст. ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМ СССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.​Пушкін і А.​Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.​Барысевіча, А.​Вайтовіча, К.​Горава, П.​Горына, М.​Грашчанкава, А.​Жэбрака, У.​Ігнатоўскага, В.​Купрэвіча, У.​Платонава, І.​Сурты, Л.​Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМ СССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал. месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦК КПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.​Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.

Літ.:

Назімава І.В. М.​А.​Савіцкі. Мн., 1973;

Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;

М.​Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;

М.​Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.

А.​М.​Савіцкі.

М.А.Савіцкі.
М.Савіцкі. Поле. 1974.
М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.

т. 14, с. 70

САВІ́ЦКІ (Сцяпан Еўдакімавіч) (3.6.1923, в. Вялікая Сліва Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 11.3.1996),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі шкла і сілікатаў. Канд. тэхн. н. (1955), праф. (1971). Скончыў БПІ (1951). З 1960 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (заг. кафедры). З 1965 у Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці (у 1965—88 рэктар). Навук. працы па агульнай хіміі, фіз. хіміі сілікатаў, тэхналогіі шкла і хім. апрацоўкі металаў.

Тв.:

Исследование полидисперсных систем физическими методами. Мн., 1971 (у сааўт);

Химическое фрезерование. Мн., 1973 (у сааўт.).

т. 14, с. 71

САВІ́ЦКІ (Уладзімір Іларыёнавіч) (28.6.1914, в. Добасна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 14.2.1989),

бел. пісьменнік. Скончыў Ленінградскі тэкстыльны ін-т (1937). Друкаваўся з 1941. Пісаў пераважна на рус. мове. Асн. тэмы кн. апавяд. «Ноч перад парадам» (1970), аповесцей «Не зрабі зла бліжняму» (1974), «Улька» (1981), зб-каў дакумент. апавяд. «Ні хвіліны спакою» (1973), «А гады ідуць...» (1984), рамана «І прыйдзе твой дзень» (1977) і інш.Вял. Айч. вайна, лёс бел. вёскі. Аўтар зб-каў вершаў «Поле бою» (1963), «Зарніцы на гарызонце» (1985).

Тв.:

Аленушка из Долгих Нив: Повести. Мн., 1989.

т. 14, с. 71

САВІ́ЦКІ (Эдуард Міхайлавіч) (н. 4.3.1935, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),

бел. гісторык-архівіст. Д-р гіст. н. (1992), праф. (1997). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1959). З 1959 у Цэнтр. гіст. архіве Беларусі (з 1964 нам. дырэктара). З 1968 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1973 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і з 1977 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1982 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, з 1987 у Мінскім мед. ін-це. З 1990 нам. нач. Гал. архіўнага ўпраўлення, з 1992 нам. старшыні к-та па архівах і справаводстве Беларусі, у 1996—2001 нам. дырэктара Бел. н.-д. ін-та дакументазнаўства і архіўнай справы. Даследуе праблемы сял., рабочага і рэв. руху, развіцця сельскай гаспадаркі і прам-сці Беларусі 19 — пач. 20 ст. Адзін з аўтараў «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1. 1984). Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Бунд у Беларусі, 1897—1921» (1997).

Тв.:

Революционное движение в Белоруссии (август 1914 — февраль 1917 гг.). Мн., 1981;

Рабочее движение в Беларуси (июнь 1907—февраль 1917 гг.). Мн., 1995.

М.​М.​Смальянінаў.

т. 14, с. 71

САВІ́ЦКІ (Яўген Якаўлевіч) (24.12.1910, г. Новарасійск, Расія — 6.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), маршал авіяцыі (1961). Засл. ваен. лётчык СССР (1965). Скончыў Ваен. школу лётчыкаў (1932), Ваен. акадэмію Генштаба (1955). У Чырв. Арміі з 1929. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Варонежскім, Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўн.-Каўказскім, Паўд., 4-м Укр., 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір знішчальнай авіядывізіі, камандуючы авіягрупамі, камандзір знішчальнага авіякорпуса. Зрабіў 216 баявых вылетаў, правёў 81 паветр. бой, збіў 22 самалёты праціўніка. З 1948 на кіруючых пасадах у ППА Сав. Арміі.

Я.Я.Савіцкі.

т. 14, с. 72

Савіцкі Парфен Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 446