ГАЛБІ́ЦА,
Галбеіца, Галубейка, рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні яго шыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.
т. 4, с. 456
ГАЛГО́ФА
(грэч. Golgotha),
пагорак у наваколлі Іерусаліма, на якім адбываліся пакаранні і дзе, паводле хрысц. падання, быў распяты Ісус Хрыстос. Размяшчэнне Галгофы дакладна не ўстаноўлена. У пераносным сэнсе — месца пакарання, сімвал падзвіжніцтва і маральных пакут («узысці на Галгофу»).
т. 4, с. 456
ГАЛДО́ВІЧ Аляксандр Іванавіч
(3.3.1900, г. Барысаў Мінскай вобл. — 14.11.1975),
генерал-лейтэнант інж. войск (1945). Скончыў Маскоўскую ваенна-інж. школу (1923), Вышэйшыя акадэм. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на воз. Хасан (1938). У Вял. Айч. вайну нач. інж. войск арміі на Паўд.-Зах., Паўн.-Каўкаэскім, 2-м і 3-м Укр. франтах. Да 1961 нач. інж. войск ваен. акруг, нам. нач. інж. войск Мін-ва абароны СССР.
т. 4, с. 456
ГА́ЛЕ,
Хале (Halle), горад на У Германіі, у зямлі Саксонія-Ангальт, на р. Заале. 295,4 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Буйны прамысл. і культ. цэнтр. Вытв-сць пасажырскіх вагонаў, абсталявання для хім. і харч. прам-сці, паравых катлоў; прыладабудаванне, эл.-тэхн., хім., паліграф., швейная, гарбарна-абутковая, харч. (у т. л. цукровая) прам-сць. Ун-т. Акадэмія прыродазнаўчых навук. Дом-музей кампазітара Г.Ф.Гендэля. Арх. помнікі 15—19 ст. Праводзяцца муз. фестывалі.
т. 4, с. 456
ГАЛЕА́С
(ад італьян. galeazza вялікая галера),
гальес, парусна-вяслярны ваенны карабель 16—17 ст. у еўрап. флотах. Прамежкавы тып судна паміж галерай і ветразевым суднам. Даўж. да 80 м, шыр. 9—16 м, па 1 раду вёслаў з кожнага борта (па 9—10 весляроў-нявольнікаў), 3 мачты з косымі ветразямі, 2 палубы (ніжняя для весляроў, верхняя для салдат і гармат). Узбраенне да 70 гармат рознага калібру, надводны таран. Каманда 800—1200 чал. Упершыню выкарыстаны венецыянцамі ў баі з туркамі пры Лепанта (1571).
т. 4, с. 456
ГАЛЕ́ВІ Іегуда, Іехуда ха-Леві (каля 1075, г. Тудэла, Іспанія — 1141), яўрэйскі паэт і філосаф; быў вядомы і як урач. З 1109 жыў у Кардове, памёр на шляху ў Палесціну. Пісаў на іўрыце і араб. мове. Творчасці гранадскага перыяду (да 1090) уласціва аптымістычнае гучанне (пераважаюць застольныя песні, любоўная лірыка і інш.), але паступова стала дамінаваць тэма трагічнага лёсу яўр. народа (літургічныя гімны «Песні выгнання», «Песні Сіёна» і інш.). У рэліг.-філас. трактаце «Кніга доказаў і довад у абарону зняважанай веры» («Кніга Хазара») даў апалогію іудаізму і паказаў перавагу непасрэднага рэліг. вопыту, заснаванага на інтуіцыі, над разумовымі ведамі, не адмаўляючы, аднак, рацыянальнага пазнання. Творчасць Галеві зрабіла ўплыў на яўр. паэзію і філасофію.
Тв.:
Рус. пер. — Сердце мое на Востоке. Тель-Авив, 1976;
Репр. Б.м., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 456
ГАЛЕ́ГА
(Galega),
казлятнік, род кветкавых раслін сям. бабовых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Усх. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны 2 каўказскія віды: галега ўсходняя, або лясная (Galega orientalis), — меданосная, кармавая расліна, і галега лекавая (Galega officinalis), выкарыстоўваецца для лячэння цукр. дыябету.
Шматгадовыя голыя або кароткаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным трубчастым, уверсе галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце складанае, няпарнаперыстае, з шырокімі прылісткамі. Кветкі двухполыя, блакітныя, сінія, фіялетавыя, сабраныя па 25—50 у густыя верхавінкавыя або пазухавыя гронкі даўж. да 25 см на доўгіх кветаносах. Плод — шматнасенны лінейны боб. Насенне пупышкападобнае, дробнае. Кармавыя, лек., дэкар. і сідэратныя расліны. Галега лекавая ядавітая для жывёлы (мае ў сабе алкалоід галегін).
т. 4, с. 457
ГАЛЕ́ЕВА Нагіма Хамідулаўна
(н. 9.9.1949, С.-Пецярбург),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1980). З 1980 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (з 1996 Нац. акад. т-р оперы Беларусі). Індывідуальнасці Галеевай найб. адпавядаюць партыі драм. і псіхал. плана: Любаша, Вясна («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Амнерыс, Эбалі, Ульрыка, Мадалена («Аіда», «Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Рыгалета»; саліруючае мецца-сапрана ў «Рэквіеме» Дж.Вердзі), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня і Паліна, Любоў («Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Сузукі («Чыо-Чыо-сан» Дж.Расіні). З інш. партый: Ахросімава, Элен («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Ганна («Новая зямля» Ю.Семянякі. Дыпламант 9-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1979).
Г.Р.Куляшова.
т. 4, с. 457
ГА́ЛЕЙ,
Халі (Halley) Эдмунд (8.11.1656, Хагерстан, каля Лондана — 25.1.1742), англійскі астраном і геафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1678). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. З 1703 праф. Оксфардскага ун-та. З 1720 дырэктар Грынвіцкай абсерваторыі. Склаў першы каталог зорак (341) Паўд. неба, адкрыў уласны рух зорак (1718). Вылічыў арбіты больш як 20 камет, прадказаў новае з’яўленне Галея каметы, даказаў наяўнасць перыяд. камет. Вывучаў зямны магнетызм.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.
т. 4, с. 457
ГАЛЕМБІЕ́ЎСКІ Анатоль Іосіфавіч
(н. 13.10.1935 г. Валакаламск, Расія),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1971), праф. (1996). Вынаходнік СССР (1980). Скончыў Калінінградскі тэхн. ін-т (1965). З 1975 у Полацкім дзярж. ун-це. Навук. працы і вынаходствы ў галіне дзяўбання зубчастых колаў. Распрацаваў канцэпцыю сістэмалогіі спосабаў апрацоўкі ў машынабудаванні.
Тв.:
Основы системологии способов формообразующей обработки в машиностроении. Мн., 1986;
Системный анализ процесса зубодолбления. Мн., 1993.
т. 4, с. 457