ГАЛЕ́ГА

(Galega),

казлятнік, род кветкавых раслін сям. бабовых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Усх. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны 2 каўказскія віды: галега ўсходняя, або лясная (Galega orientalis), — меданосная, кармавая расліна, і галега лекавая (Galega officinalis), выкарыстоўваецца для лячэння цукр. дыябету.

Шматгадовыя голыя або кароткаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным трубчастым, уверсе галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце складанае, няпарнаперыстае, з шырокімі прылісткамі. Кветкі двухполыя, блакітныя, сінія, фіялетавыя, сабраныя па 25—50 у густыя верхавінкавыя або пазухавыя гронкі даўж. да 25 см на доўгіх кветаносах. Плод — шматнасенны лінейны боб. Насенне пупышкападобнае, дробнае. Кармавыя, лек., дэкар. і сідэратныя расліны. Галега лекавая ядавітая для жывёлы (мае ў сабе алкалоід галегін).

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)