Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МА́ЛЬЦАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (14.10. 1921, г. Цвер, Расія — 21.4.1964),

рускі гісторык. Канд. гіст. н. (1949). Скончыў Маскоўскі ун-т (1944). З 1946 выкладчык у ВНУ Масквы, у т.л. ў Маскоўскім ун-це. У манаграфіі «Расія і Беларусь у сярэдзіне XVII ст.» (1974), прысвечанай вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, даследаваў ход ваен. дзеянняў, палітыку рус. улад адносна шляхты, духавенства, мяшчанства, сялянства, узаемаадносіны рус. ўрада і ўкр. казакоў у дачыненні да Беларусі. Апублікаваў Баркулабаўскі летапіс («Археаграфічны штогоднік за 1960 г.», 1962).

В.С.Пазднякоў.

т. 10, с. 48

МА́ЛЬЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (27.11. 1909, г.п. Мішаронскі Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. — 7.7.1967),

расійскі матэматык; адзін са стваральнікаў агульнай тэорыі мадэлей. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1931). З 1932 у Іванаўскім пед. ін-це (з 1943 праф.), адначасова з 1942 у Матэм. ін-це АН СССР; з 1960 у Ін-це матэматыкі Сібірскага аддз. АН СССР і Новасібірскім ун-це. Навук. працы па матэм. логіцы, тэорыі груп, тэорыі кольцаў і лінейнай алгебры, тэорыі алгарытмаў. Даследаванні М. далі пачатак сістэматычнаму выкарыстанню метадаў матэм. логікі ў алгебры. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1976;

Алгоритмы и рекурсивные функции. 2 изд. М., 1986.

Літ.:

А.И. Мальцев // Успехи мат. наук. 1968. Т. 23, вып. 3.

А.І.Мальцаў.

т. 10, с. 48

МА́ЛЬЦАЎ (Леанід Сямёнавіч) (н. 29.8. 1949),

с. Вяценеўка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1994). Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча (1971), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1979) і Генштаба (1992). З 1971 на камандных і штабных пасадах у Групе сав. войск у Германіі,‘з 1979 у Далёкаўсх. ваен. акрузе. З 1992 1-ы нам. каманд. 28-й арміяй, з 1993 камандзір 28-га армейскага корпуса. З 1994 нач. Гал. штаба Узбр. Сіл — нам. міністра абароны Рэспублікі Беларусь. У 1995—97 міністр абароны Рэспублікі Бела́русь. З 1997 1-ы нам. нач. штаба па каардынацыі ваен. супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

т. 10, с. 48

МА́ЛЬЦАЎ (Мікалай Анатолевіч) (н. 11.10.1933, Масква),

бел. вучоны і канструктар у галіне выліч. тэхнікі. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1957). З 1960 на Мінскім з-дзе ЭВМ, у 1972—96 у НДІ ЭВМ. Навук. працы па асновах канструявання ЭВМ, выліч. комплексаў і прылад выліч. тэхнікі. Гал. канструктар ЭВМ «Мінск-26», працэсара ЭВМ ЕС-1020, нам. гал. канструктара ЭВМ «Мінск-27» i ЕС-1022. Дзярж. прэмія СССР 1970.

М.П.Савік.

т. 10, с. 48

МА́ЛЬЦАЎ (Цярэнцій Сямёнавіч) (10.11.1895, с. Мальцава Шадрынскага р-на Курганскай вобл., Расія — 1994),

савецкі раслінавод, наватар с.-г. вытворчасці. Ганаровы акад. УАСГНІЛ (1956). Герой Сац. Працы (1955). Аўтар новай сістэмы апрацоўкі глебы: глыбокага безадвальнага ўзворвання ў спалучэнні з паверхневай апрацоўкай і аптымальных тэрмінаў сяўбы. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Новая система обработки почвы и посева. М., 1955;

Вопросы земледелия. 2 изд. М., 1971.

т. 10, с. 48

МАЛЬЦІ́НСКІ (Хаім Ізраілевіч) (7.8.1910. г. Паневяжыс, Літва — 8.2.1986),

яўрэйскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1932). Да 1946 працаваў у друку на Беларусі, потым у Бірабіджане. У 1948 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Жыў у Мінску, з 1975 у Ізраілі. Друкаваўся з 1929. Пісаў на ідыш. Першы зб. вершаў «Якое жыццё дарагое» (1931). Аўтар кніг апавяданняў і вершаў для дзяцей «Дзеці», «Наш хор» (абедзве 1933), «Бадзёрым крокам», «Без ценю», «Каб лёгка ісці» (усе 1936), «Брацікам і сястрычкам» (1939), п’ес «На вышцы» (1934), «Ёсць фарпост» (1935). У зб-ку паэзіі «Гады, гады мае...» (1973) філас. асэнсаванне грамадска-паліт. падзей у краіне. На бел. мове выйшлі зб-кі твораў М. «Навагодняя елка» (1939), «Поплеч з сынамі ўсімі» (1963), «Родны дом» (1965), «На сонечным баку» (1967) у перакладзе Э.Агняцвет, Д.Бічэль-Загнетавай, Г.Бураўкіна, З.Бядулі, А.Бялевіча, А.Вольскага, С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, П.Глебкі, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, Г.Кляўко, Е.Лось, П.Макаля, Я.Семяжона, М.Стральцова, П.Прыходзькі, В.Ціхановіча і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Мой добры голуб: Выбр. Мн., 1970.

т. 10, с. 48

МАЛЬЧЭ́ЎСКІ ((Malczewski) Яцак) (15.7. 1854, г. Радам, Польшча — 8.10.1929),

польскі жывапісец; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1873—76 і 1877—78) у Я.Матэйкі, у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1876—77). Праф. Школы прыгожых мастацтваў (1896—1900) i АМ (1910—21; у 1912—14 рэктар) у Кракаве. Чл. аб’яднання «Мастацтва». Пад уплывам творчасці А.Гротгера і Ю.Славацкага пісаў карціны на тэмы паўстання 1863—64: «Нядзеля ў шахце». (1882), «На этапе» (1883), «Смерць на этапе» (1891), «Куцця ў Сібіры» (1892) і інш. Ствараў прасякнутыя атмасферай роздуму і смутку метафарычна-алегарычныя кампазіцыі, у якіх часта адлюстроўваў фантаст. і біблейскія істоты. Сярод твораў: «Меланхолія» (1890—94), «Зачараванае кола» (1895—97), «Анёл, пайду за табой» (1901), трыпціхі «За анёлам» (1891), «Айчына» (1903), «Музыка» (1906), «Маё жыццё» (1911—12), «Маё пахаванне» (1923), цыклы «Русалкі» (1887—88), «Атручаная студыя» (1905—06) і інш. Аўтар партрэтаў (А.Веляпольскага, 1903; У.Рэйманта, 1905, і інш.), аўтапартрэтаў («Аўтапартрэт з гіяцынтам», 1902; «Аўтапартрэт», 1908, і інш.).

Я.Мальчэўскі. Аўтапартрэт. 1908.

т. 10, с. 48

МАЛЮ́НАК,

выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).

Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.Гольбейн, А.Дзюрэр, Ф.Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.Вато, Ф.Гвардзі, К.Ларэн, Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант, У.Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.Гоя, Э.Дэга, Э.Дэлакруа, А.Матыс, А.Менцэль, П.Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.А.Энгр і інш.; у Расіі — К.Брулоў, А.Венецыянаў, А.Кіпрэнскі, В.Сяроў, М.Урубель, У.Фаворскі, А.Ягораў і інш.

На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.Радзівіла да арх. планаў, А.ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.Аляшкевіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, Г.Вейсенгоф, Я.Дамель, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.Аксельрод, А.Астаповіч, В.Букаты, С.Герус, П.Гуткоўскі, М.Гуціеў, В.Дваракоўскі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, Г.Змудзінскі, С.Раманаў, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Тарасікаў, А.Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.Александровіч, Л.Асецкі, В.Баранаў, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, Я.Жылін, М.Карпук, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Г.Лось, Л.Марчанка, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Савіч, М Селяшчук, Р.Сітніца, Г.Скрыпнічэнка, В.Славук, В.Шаранговіч і інш.

В.Я.Буйвал.

Да арт. Малюнак. В.ван Гог. Sorrow. 1882.
Да арт. Малюнак. А.Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.
Да арт. Малюнак. В.Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.
Да арт. Малюнак. А.Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.
Да арт. Малюнак. М.Урубель. Аўтапартрэт. 1904.

т. 10, с. 49

МАЛЮ́С ((Malus) Эцьен Луі) (23.6.1775, Парыж — 23.2.1812),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1810). Скончыў Політэхн. школу (1796), дзе працаваў з 1808. Навук. працы па оптыцы і крышталяфізіцы. Адкрыў палярызацыю святла пры адбіцці ад празрыстых асяроддзяў (1808) і пры пераламленні (1811, незалежна ад Ж.Б. Біо), устанавіў закон змянення інтэнсіўнасці палярызаванага святла (гл. Малюса закон). Распрацаваў тэорыю падвойнага праменепераламлення святла ў крышталях, прапанаваў метад вызначэння аптычнай восі крышталя.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

А.І.Болсун.

т. 10, с. 50

МАЛЮ́СА ЗАКО́Н,

залежнасць інтэнсіўнасці лінейна палярызаванага святла пасля яго праходжання праз аналізатар ад вугла α паміж плоскасцямі палярызацыі зыходнага святла і аналізатара. Паводле М.з. вызначаецца інтэнсіўнасць святла пры яго праходжанні праз палярызацыйныя прылады.

Устаноўлены Э.Л. Малюсам у 1810 і выражаецца формулай I = I0cos​2α, дзе I0 і I — інтэнсіўнасць святла, што падае на аналізатар і выходзіць з яго (адпаведна). Святло з інш. (нелінейнай) палярызацыяй (гл. Палярызацыя святла) вызначаецца як сума двух лінейна палярызаваных складальных, да кожнай з якіх прыдатны М.з.; страты, што не ўлічваюцца М.з., вызначаюцца дадаткова.

т. 10, с. 50