Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЙ (лац. Majus, магчыма, ад імя багіні зямлі Маі),

пяты месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вясны. Бел. нар. назва месяца, як і ўкр., травень. 15 М. працягласць дня ў Мінску 15 гадз 58 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 54,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 567 МДж/м​2, радыяцыйны баланс дадатны (295 МДж/м​2). Сярэдняя т-ра паветра ў М. 13 °C. Ападкаў за месяц 50—60 мм. Для М. характэрна найменшая адносная вільготнасць (68—72%), часта ствараецца неспрыяльны рэжым увільгатнення, часам назіраецца высушванне ворнага і больш глыбокага слоя глебы. У М. цвітуць сады. Пачынаюць каласіцца жыта, азімая пшаніца, узыходзяць яравыя, вядзецца сяўба позніх яравых культур, лёну-даўгунцу, пасадка бульбы, агуркоў. Вырастаюць першыя веснавыя грыбы — смаржкі і страчкі. Заканчваецца веснавая лінька звяроў. Паяўляецца прыплод у аленяў, ласёў, казуль, тхароў, баброў, вожыкаў; другі прыплод у зайцоў. Нерастуе рыба ў рэках і азёрах, паяўляюцца маляўкі.

т. 9, с. 518

МА́ЙБАРАДА (Георгій Іларыёнавіч) (1.12.1913, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 6.12.1992),

украінскі кампазітар, педагог. Брат П.І.Майбарады. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1941, клас Л.Равуцкага), у 1952—58 выкладаў у ёй. У 1962—69 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР, у 1967—69 — Саюза кампазітараў Украіны. Працаваў у розных муз. жанрах. Многія творы героіка-патрыят. тэматыкі. Сярод твораў: оперы «Мілана» (паст. 1957), «Арсенал» (паст. 1960), «Тарас Шаўчэнка» (паст. 1964), «Яраслаў Мудры» (паст. 1973); вак.-сімф. — кантата «Дружба народаў» (1948), паэма «Запарожцы» (1954); сімфоніі (1940, 1952, 1976, 1984); канцэрты для голасу (1969), для скрыпкі (1977) з арк.; сімф. паэмы «Лілея» (1939), «Каменяломы» (1941), «Гуцульская рапсодыя» (1949), сюіта «Кароль Лір» (1959); 30 хароў a cappella; вак. цыклы і рамансы (больш за 50), апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1963, 1983.

Г.І.Майбарада.

т. 9, с. 518

МА́ЙБАРАДА (Платон Іларыёнавіч) (1.12.1918, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 8.7.1989),

украінскі кампазітар. Брат Г.І.Майбарады. Нар. арт. Украіны (1968). Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1947, клас Л.Равуцкага). Працаваў пераважна ў песенным жанры. У творчасці выкарыстоўваў формы, блізкія да ўкр. фальклору. Аўтар «Гераічнай уверцюры» для сімф. арк. (1947), вак.-сімф. паэмы «Таполі» (1966), папулярных песень, у т.л. «Ручнічок», «Родная маці мая», «Мы пойдзем, дзе травы паніклі», «Кіеўскі вальс», апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1962.

П.І.Майбарада.

т. 9, с. 518

МАЙДА́НАК (Majdanek),

канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных Тазавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс. чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс. чал., у т.л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс. палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр. б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалейпантэон.

Літ.:

Zeszyty Majdanka. T. 1—15. Lublin, 1965—94;

Majdanek 1941—1944. Lublin, 1991.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 519

МА́ЙЕР (Мікалай Арцёмавіч) (н. 9.1. 1932, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. хімік-арганік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991), д-р хім. н. (1976), праф. (1989). Скончыў Горкаўскі дзярж. ун-т (1954). З 1956 у Ін-це хіміі, з 1959 у Ін-це фіз.арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па сінтэзе і даследаванні пераўтварэнняў металаарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю ініцыіраванага дэкарбаксіліравання дыацылатаў ртуці (1954, разам з Р.А.Разуваевым, Ю.А.Альдэкопам). Распрацаваў метады сінтэзу ртутнаарган. злучэнняў і метады электрахім. сінтэзу металацэнавых і металакарбаранавых злучэнняў жалеза, кобальту і нікелю.

Тв.:

Введение в элементоорганическую химию. Мн., 1973 (разам з Ю.А.Альдэкопам);

Синтез металлоорганических соединений декарбоксилированием ацилатов металлов. Мн., 1976 (з ім жа).

М.А.Майер.

т. 9, с. 519

Майзель Веньямін Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 423

МА́ЙЗЛЕР (Аляксандр Піліпавіч) (4.10.1923, Масква — 12.7.1977),

бел. ваенны дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1946). Дырыжор у вайск. часцях Бел. і Маскоўскай ваен. акруг. З 1951 дырыжор, з 1959 нач. аркестра штаба БВА, з 1968 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Аўтар аранжыровак для духавога арк. твораў муз. класікі (у т.л. 6-я сімфонія і 2-я ч. 5-й сімфоніі П.Чайкоўскага, 40-я сімфонія В.А.Моцарта, фінал 9-й сімфоніі «З Новага свету» А.Дворжака), бел. кампазітараў (сюіта з балета «Мара» Я.Глебава, музыка А.Багатырова да драмы М.Лермантава «Маскарад»), арыгінальных п’ес (маршаў, вальсаў, песень і інш.).

Дз.М.Жураўлёў.

т. 9, с. 519

МАЙКА́НАВА (Сабіра) (1.1.1914, г. Кзыл-Арда, Казахстан — 15.2.1995),

казахская актрыса. Нар. арт. Казахстана (1959). Нар. арт. СССР (1970). З 1932 у трупе Каз. т-ра драмы імя М.Аўэзава (Алма-Ата). Стварыла вобразы жанчын, надзеленых моцным і валявым характарам: Каклан («Кабланды» Аўэзава), Зейнеп («Чакан Валіханаў» С.Муканава), Талганай («Мацярынскае поле» паводле Ч.Айтматава), Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), Кацярына Іванаўна («Маці сваіх дзяцей» А.Афінагенава). Дзярж. прэмія Казахстана 1967.

т. 9, с. 519

МА́ЙКАЎ (Апалон Мікалаевіч) (4.6.1821, Масква — 20.3.1897),

рускі паэт. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1853). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1841). У 1842—44 за мяжой, пераважна ў Італіі. З 1844 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, з 1852 у Пецярбургскім к-це замежнай цэнзуры (з 1875 яго старшыня). Друкаваўся з 1835. Першы зб. «Вершы» (1842), якім працягваў традыцыі анталагічнай лірыкі К.М.Бацюшкава і М.І.Гнедзіча. Уражанні ад Італіі, вобразы і тэмы антычнасці і сучаснасці ў зб. «Нарысы Рыма» (1847). Некат. празаічныя творы 1840-х г., паэмы «Два лёсы» (1845), «Машачка» (1846) і інш. напісаны ў духу натуральнай школы. У 1850-я г. перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, ідэі славянафільства і панславізму (паэма «Клермонцкі сабор», 1853). Часу ранняга хрысціянства, яго сутыкненням з язычніцтвам прысвечаны паэма «Тры смерці» (1857) і яе працяг «Смерць Люцыя» [1863; абедзве перапрацаваныя ўвайшлі ў драму «Два светы» (1872, 2-я рэд. 1881, Пушкінская прэмія АН 1882)]. У 1854—56 напісаў шэраг вершаў, прысвечаных рус. прыродзе. Творчасці М. ўласцівы культ прыгажосці, арыентацыя на фальклорную паэтыку, традыцыі стараж.-рус. славеснасці (паэма «Вандроўнік», 1867). Аўтар паэт. пералажэння «Слова аб палку Ігаравым» (1870), крытычных артыкулаў пра л-ру і выяўл. мастацтва. Перакладаў Фірдаўсі, стараж.-інд. эпас «Рамаяна», ант. паэтаў, І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, Г.Лангфела, А.Міцкевіча, сербскія і бел. (7 твораў) нар. песні і інш. Асобныя вершы М. пакладзены на музыку П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым і інш. На бел. мову яго верш «Золата, золата падае з неба» пераклаў М.Багдановіч.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1977;

Соч. Т. 1—2. М., 1984;

Стихотворения и поэмы. Л., 1987.

Літ.:

Анненский И.Ф. Майков и педагогическое значение его поэзии [1898] // Анненский И.Ф. Книги отражений. М., 1979;

Ямпольский И.Г. Поэты и прозаики. Л., 1986. С. 110—141.

А.М.Майкаў.

т. 9, с. 519

МА́ЙКЕЛЬСАН, Майкелсан (Michelson) Альберт Абрахам (19.12.1852, г. Стшэльна, Польшча — 9.5.1931), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1882). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1926). Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1873), дзе працаваў у 1875—79. У 1883—1929 у розных ВНУ ЗША. У 1923—27 прэзідэнт Нац. АН ЗША. Навук. працы па оптыцы і спектраскапіі. Сканструяваў дакладныя спектраскапічныя прылады (інтэрферометр М., эшалон М.), выканаў шэраг эксперыментаў па вызначэниі скорасці святла і залежнасці яе ад руху Зямлі (гл. Майкельсана дослед). Правёў дакладнае вызначэнне даўжыні метра ў даўжынях хваль чырвонай спектральнай лініі кадмію, сканструяваў зорны інтэрферометр для вызначэння вуглавых дыяметраў зорак. Нобелеўская прэмія 1907.

Літ.:

Джефф Б. Майкельсон и скорость света: Пер. с англ. М., 1963.

А.А.Майкельсан.

т. 9, с. 519