Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЮДЗУ́МІ (Тасіра) (н. 20.2.1929, г. Іакагама, Японія),

японскі кампазітар. Вучыўся ў Такійскім ун-це мастацтваў (1945—51) і Парыжскай кансерваторыі (1951—52). У 1953 разам з Я.​Акутагавай і І.​Данам арганізаваў авангардысцкі гурток «Група траіх», у 1957 — фестываль музыкі ў г. Каруідзава. Зазнаў уплыў музыкі А.​Месіяна і І.​Стравінскага. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі і электроннай музыкі, выкарыстоўваў дадэкафонію, алеаторыку. У шэрагу твораў (сімфоніі «Нірвана», 1958; «Мандала», 1960; сімф. паэма «Сансара», 1962) звяртаўся да традыцый будыйскай музыкі. З 1970-х г. развівае прынцыпы яп. нар. музыкі, імкнецца да інтэграцыі еўрап. і традыц. яп. муз. мастацтва. Аўтар оперы «Залаты павільён» (1976), балетаў «Бугаку» (паст. 1962), «Алімпійцы» (паст. 1965), мюзікла «Мілая жанчына» (лібр. К.​Абэ), араторыі (1959), кантат, твораў для прыдворнага арк. гагаку, камерна-інстр. ансамбляў, хароў, музыкі да кінафільмаў і інш.

т. 10, с. 241

«МА́Ю ГО́НАР»,

грамадскае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі. Засн. ў 1991. Праводзіць культ.-асв. работу, садзейнічае развіццю і ўмацаванню творчых узаемасувязей, аказвае дапамогу мастакам. У 1999 у аб’яднанне ўваходзілі: В.​Целеш (старшыня), К.​Вольская, М.​Гаўрыловіч, Г.​Зашчырынская, Л.​Лойка, В.​Малышчыц, В.​Маркевіч, Т.​Насенка, М.​Чырыч (усе Латвія), А.​Аблажэй, К.​Балаховіч, А.​Поклад, С.​Поклад (усе Літва), М.​Астравумава (Эстонія), Я.​Кузьміцкі (Швецыя), В.​Драздоўскі, Ю.​Казак, А.​Кірвель, Ю.​Рудак, В.​Сівуха, Я.​Чарнякевіч (усе Санкт-Пецярбург). У 1992 у Мінску адбылася выстаўка твораў мастакоў аб’яднання.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 241