МАЦАПУ́РА (Міхаіл Яфрэмавіч) (21.11.1908, в. Барбароў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 31.10.1971),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад.АН Беларусі (1947), УАСГНІЛ (1964), Акад.с.-г. навук Беларусі (1957—61). Д-ртэхн.н. (1945), праф. (1947). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1932). У 1947—65 дырэктар Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР (Мінск), адначасова ў 1947—50 акадэмік-сакратар АН Беларусі. Навук. працы па праблемах земляробчай механікі, стварэнні с.-г. машын. Распрацаваў комплекс машын для асваення забалочаных і зарослых хмызняком зямель. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Ленінская прэмія 1962.
Тв.:
Вопросы теории плужных канавокопателей и болотных плугов. Мн., 1957;
Технологические основы механизации уборки картофеля. Мн., 1959;
Вопросы земледельческой механики. Т. 1. Мн.. 1959.
МАЦАПУ́РА (Сяргей Сцяпанавіч) (15.2.1919, в. Гдзень Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 17.3.1998),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Калінінскім, 1-м, 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель танка старшына М. вызначыўся ў студз. 1945 у баях пры вызваленні г. Сахачаў і Інавроцлаў (Польшча). Да 1965 у Сав. Арміі.
МАЦВЕ́ЕВА (Навела Мікалаеўна) (н. 7.10.1934, г. Пушкін Ленінградскай вобл.),
расійская паэтэса. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1963). Друкуецца з 1957. У паэт. зб-ках «Лірыка» (1961), «Караблік» (1963), «Душа рэчаў» (1966), «Ластаўчына школа» (1973), «Рака» (1978), «Закон песень», «Краіна прыбою» (абодва 1983), «Непарушны круг» (1991), «Менуэт» (1994), «Санеты» (1998), паэмах «Пітэр Брэйгель Старэйшы» (1969), «Шпалы» (1973), «Золата праектаў» (1983) і інш. спалучэнне рамантыкі, фантазіі з паэтызацыяй штодзённага, спроба спасціжэння тайнаў быцця і сусвету, гіст.-культ. рэмінісцэнцыі, метафарычнасць. Аўтар аповесці «Дама-бадзяга» (1998), п’ес «Прадказанне Эгля» (паводле А.Грына, паст. 1984), «Карчма «Чацвярэнькі» (1998), аўтабіягр. эсэ, успамінаў, артыкулаў па актуальных праблемах мастацтва, паэзіі, песеннага жанру. Піша для дзяцей. Выканаўца ўласных песень, выпусціла некалькі дыскаў і кампакт-дыскаў.
МАЦВЕ́ЕНКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 17.8.1928, Мінск),
бел.паэт. Скончыў Мінскае мед. вучылішча (1956). З 1958 працуе тэхнікам-артадонтам. Друкуецца з 1973 як дзіцячы пісьменнік і ў жанры сатыры. Адзін з аўтараў зб-каў для дзяцей і юнацтва «Заранка», «Цвіце верас» (абодва 1987), сатыр. кніжкі «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Яго творы вызначаюцца гумарам, вынаходлівасцю, дасціпнасцю і забаўляльнасцю (зб-кі «Лекі без аптэкі», 1987; «Загадкі Зайкі-загадайкі», 1990; «Азбука ў загадках», 1992; «Загаданачка», 1993; «Сябрынка», 1995, Літ. прэмія імя Я.Маўра 1996; «Сорак скорагаворак», 1998; «Загадкі з хаткі дзеда Уладкі», 1999).
МАЦВЕ́ЕЎ (Аляксандр Цярэнцьевіч) (25.8.1878, г. Саратаў, Расія — 22.10. 1960),
расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Расіі (1931). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1902). У 1906—07 працаваў у Парыжы. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», Т-варус. скульптараў. У 1918—48 выкладаў у Ленінградскай АМ (у 1932—34 дырэктар), у Маскоўскім маст. ін-це (1940—48). У 1900—10-я г. звяртаўся да аголенай чалавечай фігуры, прадстаўленай у стане прасветленага спакою, гармоніі духоўных і фіз. сіл (надмагілле В.Барысава-Мусатава, 1910). Пошукі яснасці вобраза, архітэктанічнай абагульненай формы ў партрэтах Барысава-Мусатава (1900), А.Герцэна (1912), А.Чэхава (1945), аўтапартрэце (1939), групе «Кастрычнік» (1927). Працаваў ў галіне дробнай пластыкі.
МАЦВЕ́ЕЎ (Аляксей Васілевіч) (н. 23.5.1938, Мінск),
бел. геолаг. Акад.Нац.АН Беларусі (1994, чл.-кар. з 1991), д-р геолага-мінералаг. н. (1977), праф. (1990). Скончыў БДУ (1960). З 1978 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (у 1993—98 дырэктар). Навук. працы па літалагічных асаблівасцях антрапагенавых адкладаў, геамарфалогіі і неатэктоніцы абласцей пашырэння ледавіковага покрыва, праблемах рацыянальнага прыродакарыстання і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
МАЦВЕ́ЕЎ (Андрэй Мацвеевіч) (1701, г. Ноўгарад, Расія — 1739),
расійскі жывапісец. Пасланы Пятром I для ўдасканалення ў Нідэрланды (1716—27), вучыўся ў Амстэрдаме і Антверпенскай АМ (1725—27). З 1727 у Пецярбургу узначальваў «жывапісную каманду» пры Канцылярыі ад пабудоў. Выконваў жывапісныя дэкар. работы ў Пецярбургу (у т. л. ў Петрапаўлаўскім саборы) і Маскве, размаляваў шэраг цэркваў. Аўтар станковых кампазіцый і партрэтаў: «Алегорыя жывапісу» (1725), партрэты І.А. і А.П.Галіцыных (1728), т. зв. «Аўтапартрэт з жонкай» (1729). Творчасць М. паўплывала на станаўленне рас. свецкага мастацтва 18 ст.
МАЦВЕ́ЕЎ (Аркадзь Аляксеевіч) (н. 10.7.1932, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб. Д-рмед.н. (1977), праф. (1979). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1956), з 1963 працуе ў ім (у 1973—98 заг. кафедры). Навук. працы па інфекцыйных хваробах, выкарыстанні глюкакортыкастэроідаў пры лячэнні вірусных гепатытаў.
Тв.:
Изучение клинической эффективности преднизолонотерапии в контролируемом исследовании и вопросы тактики применения кортикостероидов при сывороточном гепатите (разам з Д.П.Лапушынскім, Р.А.Александроўскай) // Терапевтич. архив. 1978. № 10;
Современные принципы и средства лечения больных вирусным гепатитом. Витебск, 1978.
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаускай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас.заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.К.Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.
МАЦВЕ́ЕЎ (Валерый Аксёнавіч) (н. 8.1.1939, Мінск),
бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-рс.-г.н. (1988). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел.НДІ пладаводства (у 1974—90 заг. аддзела). Навук. працы па селекцыі пладовых культур. Сааўтар сартоў слівы Нарач, Кромань, Далікатная і інш.; гібрыднай алычы Ветразь, Мара, Віцьба і інш.
Тв.:
Сліва ў вашым садзе. Мн., 1994;
Результаты и перспективы селекции плодовых культур в Республике Беларусь // Плодоводство: Науч. тр. БелНИИП. 1995. Т. 10.