МАЛЬЧЭ́ЎСКІ ((Malczewski) Яцак) (15.7. 1854, г. Радам, Польшча — 8.10.1929),
польскі жывапісец; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1873—76 і 1877—78) у Я.Матэйкі, у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1876—77). Праф. Школы прыгожых мастацтваў (1896—1900) i АМ (1910—21; у 1912—14 рэктар) у Кракаве. Чл. аб’яднання «Мастацтва». Пад уплывам творчасці А.Гротгера і Ю.Славацкага пісаў карціны на тэмы паўстання 1863—64: «Нядзеля ў шахце». (1882), «На этапе» (1883), «Смерць на этапе» (1891), «Куцця ў Сібіры» (1892) і інш. Ствараў прасякнутыя атмасферай роздуму і смутку метафарычна-алегарычныя кампазіцыі, у якіх часта адлюстроўваў фантаст. і біблейскія істоты. Сярод твораў: «Меланхолія» (1890—94), «Зачараванае кола» (1895—97), «Анёл, пайду за табой» (1901), трыпціхі «За анёлам» (1891), «Айчына» (1903), «Музыка» (1906), «Маё жыццё» (1911—12), «Маё пахаванне» (1923), цыклы «Русалкі» (1887—88), «Атручаная студыя» (1905—06) і інш. Аўтар партрэтаў (А.Веляпольскага, 1903; У.Рэйманта, 1905, і інш.), аўтапартрэтаў («Аўтапартрэт з гіяцынтам», 1902; «Аўтапартрэт», 1908, і інш.).