МАЛЮ́НАК,

выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).

Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.Гольбейн, А.Дзюрэр, Ф.Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.Вато, Ф.Гвардзі, К.Ларэн, Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант, У.Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.Гоя, Э.Дэга, Э.Дэлакруа, А.Матыс, А.Менцэль, П.Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.А.Энгр і інш.; у Расіі — К.Брулоў, А.Венецыянаў, А.Кіпрэнскі, В.Сяроў, М.Урубель, У.Фаворскі, А.Ягораў і інш.

На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.Радзівіла да арх. планаў, А.ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.Аляшкевіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, Г.Вейсенгоф, Я.Дамель, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.Аксельрод, А.Астаповіч, В.Букаты, С.Герус, П.Гуткоўскі, М.Гуціеў, В.Дваракоўскі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, Г.Змудзінскі, С.Раманаў, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Тарасікаў, А.Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.Александровіч, Л.Асецкі, В.Баранаў, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, Я.Жылін, М.Карпук, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Г.Лось, Л.Марчанка, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Савіч, М Селяшчук, Р.Сітніца, Г.Скрыпнічэнка, В.Славук, В.Шаранговіч і інш.

В.Я.Буйвал.

Да арт. Малюнак. В.ван Гог. Sorrow. 1882.
Да арт. Малюнак. А.Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.
Да арт. Малюнак. В.Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.
Да арт. Малюнак. А.Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.
Да арт. Малюнак. М.Урубель. Аўтапартрэт. 1904.

т. 10, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)