Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУРЛЯ́НДСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Курляндскае і Земгальскае герцагства,

васальная Рэчы Паспалітай (да 1569 ВКЛ) дзяржава на тэр. Латвіі (гіст. вобласці Курляндыя і Земгале) у 16—18 ст. Сталіца — г. Мітава (цяпер Елгава). Утворана ў 1561—62 пасля распаду Лівонскага ордэна апошнім яго магістрам Г.Кетлерам, які прызнаў сюзерэнітэт вял. князя ВКЛ Жыгімонта III (гл. Жыгімонт II). Да 1737 тут правілі нашчадкі Кетлера, потым — дынастыя Біронаў (гл. таксама Біронаўшчына, Ганна Іванаўна). У 1617—1795 дзярж. лад герцагства вызначалі Курляндскія статуты. Найб. магутнасці дасягнула пры герцагу Якабе [1640—82], калі герцагства мела значны ваен. і гандл. флот, валодала калоніямі ў Вест-Індыі (Табага; 1645—65) і Зах. Афрыцы (Гамбія: 1651—65). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Рас. імперыі, у 1796—1917 яго тэрыторыя ўваходзіла ў Курляндскую губ.

Літ.:

Стродс Х. Курляндский вопрос в XVIII в. Ч. 1—2. Рига, 1993.

т. 9, с. 50

КУРЛЯ́НДСКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

нямецкая тэакратычная дзяржава на ПдЗ Латвіі ў 1234—1559. Узнікла ў ходзе заваявання і прымусовай хрысціянізацыі крыжаносцамі балцкага племені куршаў. Складалася з 3 частак (Пілтэн, Айзпутэ, Сакаслея), між якімі ўкліньваліся ўладанні Лівонскага ордэна. У сярэдзіне 16 ст.2/з зямель належала свецкім уладальнікам. У 1559 епіскап Іаган IV Мюнгаўзен прадаў К.е. дацкаму каралю, які перадаў яго пад уладу свайго брата Магнуса. Пасля смерці Магнуса (1583) епіскапства перайшло да Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 50

КУРЛЯ́НДСКІЯ СТАТУ́ТЫ

(лац. Statuta Curlandica),

збор законаў Курляндскага герцагства, складзены ў 1617 з улікам патрабаванняў дваран Курляндыі. Мелі 9 раздзелаў (1-ы і 2-і аб суд. ладзе, 3-і — 8-ы аб прывілеях дваран, 9-ы аб крымін. праве). К.с. абмяжоўвалі на карысць дваран (пераважна немцаў па паходжанні) уладу герцага (мог чаканіць манету, прызначаць чыноўнікаў толькі па ўзгадненні з дваранамі, знешнюю палітыку ўзгадняў з уладамі Рэчы Паспалітай), узаконьвалі прыгонную залежнасць сялян. Пасля далучэння да Расіі і ліквідацыі Курляндскага герцагства (1795) статуты паступова касаваліся, канчаткова адменены ў 1865.

т. 9, с. 50

КУРЛЯ́НДЫЯ

(ням. Kurland),

Курземе, гістарычная вобласць на З Латвіі. Са старажытнасці населена балцкімі плямёнамі, ад аднаго з іх (куршаў) наз. Курземе. Кантактавала з Полацкім княствам. З пач. 13 ст. ў саюзе з літ. князямі намагалася абараніцца ад экспансіі крыжакоў. Да 1267 заваявана і хрысціянізавана крыжацкім Лівонскім ордэнам, тут існавала Курляндскае епіскапства. З 1561 б.ч. К. ўваходзіла ў склад падвасальнага ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай) Курляндскага герцагства, у якім з 1617 дзейнічалі Курляндскія статуты. Адсюль паходзіў фаварыт рас. імператрыцы Ганны Іванаўны Э.І.Бірон (курляндскі герцаг у 1737—40 і 1763—69, гл. Біронаўшчына). Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Расіі, уключана ў Курляндскую губ. (1796—1917). У 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Германіі (з 1915). 3 ліст. 1918 у складзе Латвіі (да 1940 яе правінцыя).

т. 9, с. 50

КУРМА́КІН Анатоль Дзмітрыевіч

(н. 21.1.1940, г. Ступіна Маскоўскай вобл.),

бел. музыкант, выканаўца на нар. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Маскоўскае муз. вучылішча імя Кастр. рэвалюцыі (1958, клас домры). З 1958 артыст (кантрабас, гітара) і аранжыроўшчык Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча. Сярод яго аранжыровак: сюіта з балета «Мара» і «Мушкецёры» Я.Глебава, «Карцінкі з выстаўкі» М.Мусаргскага, «Румынская рапсодыя» Дж.Энеску, сюіта з балета «Любоў—чараўніца» М. дэ Фалья, «Славянскія танцы» А.Дворжака і інш.

т. 9, с. 50

КУРМА́НАВА,

вадасховішча ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Курманава. Створана ў даліне р. Рамясцвянка (за 27 км ад вусця) у 1987. Пл. 0,7 км2, даўж. 3 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 6,5 м, аб’ём вады 1,09 млн. м3. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.

Г.С.Жукоўская.

т. 9, с. 50

Курмашоў Віктар Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 415

КУРНАКО́Ў Мікалай Сямёнавіч

(6.12.1860, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1941),

савецкі хімік, адзін з заснавальнікаў фізіка-хімічнага аналізу. Акад. Пецярб. АН (1913). Скончыў Пецярб. горны ін-т (1882), дзе і працаваў (з 1893 праф.). З 1899 выкладаў у Пецярб. эл.-тэхн. (да 1908) і політэхн. (1902—30) ін-тах. З 1918 дырэктар заснаванага ім Ін-та фіз.-хім. аналізу АН СССР, з 1934 дырэктар Ін-та агульнай і неарган. хіміі АН СССР (з 1944 імя К.). Навук. працы па хіміі комплексных і інтэрметал. злучэнняў, па даследаванні шматкампанентных сістэм — метал. сплаваў, сілікатаў, саляных раствораў. Устанавіў факт існавання злучэнняў пераменнага саставу — берталідаў (1900—03). Сфармуляваў прынцыпы бесперапыннасці і адпаведнасці, на якіх грунтуецца фіз.-хім. аналіз (тэрмін уведзены К. у 1913). Стварыў самапісны прыбор для тэрмічнага аналізу (пірометр К.). Прэмія імя У.І.Леніна 1928. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—3. М., 1960—63.

Літ.:

Н.С.Курнаков. М., 1961;

Балезин С.А, Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.

М.С.Курнакоў.

т. 9, с. 50

КУРНА́Н (Cournand) Андрэ Фрэдэрык

(24.9.1895, Парыж — 19.2.1988),

амерыканскі ўрач і фізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Парыжскі ун-т (1930). У 1930—64 у Калумбійскім ун-це. Навук. працы па вывучэнні функцыі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм чалавека. Распрацаваў і ўдасканаліў метады клінічнай дыягностыкі заганаў сэрца, выкарыстаў тэхніку катэтарызацыі. Нобелеўская прэмія 1956 (разам з Д.Рычардсам і Р.Форсманам).

А.Курнан.

т. 9, с. 51

КУРО́РТ,

мясцовасць з прыроднымі лек. фактарамі (клімат, мінер. воды, гразі і інш.), умовамі іх мэтанакіраванага мед. і аздараўленчага выкарыстання, спец. прававым рэжымам эксплуатацыі. Для К. характэрны: высокая ступень даследаванасці прыродных лек. рэсурсаў, наяўнасць профільных збудаванняў і ўстаноў (мед. ўстановы, санаторыі, прафілакторыі, базы адпачынку, вода- і гразелячэбніцы, пітныя бюветы, пляжы і інш.), інфраструктура (транспартныя сувязі, сістэма быт. абслугоўвання і інш.). Адрозніваюць К. прыморскія, раўнінныя (у т.л. лясныя), горныя (у т.л. нізка-, сярэдне- і высакагорныя, адпаведна па вышыні 400—1000, 1000—2000 м і вышэй). Паводле лек. фактараў існуюць бальнеалагічныя курорты, гразевыя курорты, кліматычныя курорты, бальнеакліматычныя і бальнеагразевыя. Навук. асновы курортнай справы распрацоўвае і вывучае курарталогія.

Прататыпы сучасных К. вядомы з часоў Стараж. Рыма (на крыніцах мінер. вод, асабліва тэрмальных, узводзіліся капітальныя збудаванні для лек. выкарыстання). У 16—17 ст. пачалі разглядацца тэарэт. і практ. пытанні буд-ва, абсталявання і парадку выкарыстання К. і курортных устаноў. У 18—19 ст. развіваюцца еўрап. К. на камерцыйнай аснове, у пач. 20 ст. адкрылася большасць сучасных еўрап. К., у т.л. ў Расіі, Прыбалтыцы, на Каўказе. На Беларусі існуюць К. рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (гл. адпаведныя арт.).

Я.В.Малашэвіч.

т. 9, с. 51