Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАТУ́Й,

рака ў Краснаярскім краі Расіі, правая складаючая р. Хатанга. Даўж. 1409 км, пл. бас. 176 тыс. км2. Бярэ пачатак на плато Путарана, цячэ на ПдУ па Сярэднесібірскім пласкагор’і, праходзіць цераз азёры Харпіча і Дзюпкун. Пасля ўпадзення справа р. Ваяволіхан паварочвае на ПнУ; нізоўі на Паўн.-Сібірскай нізіне. Парожыстая. Гал. прытокі: Маера, Катуйкан, Эрыечка (справа), Чангада, Тукалан (злева). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца вер. — 1-й пал. кастр. да канца мая—чэрвеня.

т. 8, с. 178

КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),

рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.Караткевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Галасы маіх сяброў. Мн., 1993;

Рус. пер. — Книга стихотворений. М., 1986;

У кн.: Валерий Катулл;

Альбий Тибулл;

Секст Проперций. М., 1963;

Античная лирика. М., 1968.

Літ.:

Шталь И.В. Поэзия Гая Валерия Катулла. М., 1977;

Пронин В. Катулл. М., 1993.

С.Дз.Малюковіч.

т. 8, с. 179

КАТУ́ЛЬСКАЯ (Алена Кліменцьеўна) (2.6.1888, г. Адэса, Украіна — 19.11.1966),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1909). Дэбютавала ў партыі Лакмэ (аднайм. опера Л.Дэліба) у Марыінскім т-ры. У 1913—46 салістка Вял. т-ра. З 1948 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1950 праф.). Валодала голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, бездакорнай тэхнікай, высокай сцэн. культурай. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Віялета, Джыльда, Леанора («Травіята». «Рыгалета», «Трубадур» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ). Аўтар артыкулаў па вак. майстэрстве і інш. Сярод яе вучняў: Т.Мілашкіна, А.Масленікаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 179

КАТУ́НІН (Ілья Барысавіч) (17.11.1908, г. Гомель — 23.4.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У 1926—32 слесар станка-буд. з-да «Пралетарый» у Гомелі. Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1934). У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўн. флоце. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан К. вызначыўся 23.4.1944; на падыходзе да цэлі яго самалёт быў падбіты агнём зенітнай артылерыі праціўніка, палаючай машынай К. тараніў транспарт ворага водазмяшчэннем 5 тыс. т і патапіў яго. Імем К. названы пасёлак у Архангельскай вобл. Бюсты К. ўстаноўлены на тэр. музея авіяцыі Паўн. флоту і ў пас. Катуніна, у Гомелі мемар. дошка.

І.Б.Катунін.

т. 8, с. 179

КАТУ́РНЫ (лац. cothurni, грэч. kothorni),

у антычным тэатры род абутку трагедыйнага акцёра; сандалі на высокай падэшве, што павялічвала рост акцёра, надавала постаці велічнасць і ўрачыстасць. Выкарыстанне К. было абумоўлена тэхн. асаблівасцямі ант. т-ра: пры вял. памерах тэатр. пабудоў узнікала патрэба павялічваць фігуру акцёра. Увядзенне К. і інш. кампанентаў касцюма трагедыйнага акцёра ант. традыцыя прыпісвае Эсхілу. У пераносным значэнні — ілжывая паказная веліч.

т. 8, с. 179

КАТХІЯВА́Р,

паўвостраў на З Індыі, паміж залівамі Камбейскім і Кач Аравійскага м. На Пн прымыкае да Качскага Рана. Пл. больш за 40 тыс. км2. Удаецца ў мора на 200—250 км. У цэнтры — базальтавыя і гнейсавыя плато і горы (выш. да 1117 м), па ўскраінах пояс алювіяльных нізін (шыр. да 100 км). Ападкаў каля 500 мм за год. Апустыненыя саванны і рэдкалессі. На Пд водзіцца азіяцкі леў (адзінае месца ў Азіі). Нац. парк Гірскі Лес.

т. 8, с. 179

КАТЫ́ (Felis),

род драпежных млекакормячых сям. кашэчых. Каля 20 падродаў, 31 від. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 5 падвідаў. На Беларусі 1 від — рысь еўрапейская; занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 46—197, хваста 15—91 см, маса 1,5—105 кг. Выш. ў крыжы большая за выш. ў плячах. Кіпцюры ўцяжныя (акрамя суматранскага К.). Афарбоўка густога футра рознага малюнку і адценняў: аднатонная, плямістая або паласатая. Нараджаюць звычайна 3—4 кацянят (зрэдку да 7), некат. віды — двойчы за год. Аб’екты промыслу, футра малакаштоўнае (акрамя рысі).

Свойскія К. (F. catus) паходзяць ад лівійскага падвіду дзікага К. Сталі хатнімі жывёламі 3—5 тыс. г. назад. Існуе каля 300 парод свойскіх К., якія адрозніваюцца даўж. і афарбоўкай поўсці. На Беларусі найб. пашыраны караткашэрсныя пароды, у т.л. руская блакітная, сіямская, з даўгашэрсных — персідская, сібірская і інш.

Э.Р.Самусенка.

т. 8, с. 179

КАТЫЁН (грэч. katiōn літар. які ідзе ўніз),

дадатна зараджаны іон (гл. Іоны).

т. 8, с. 179

КАТЫЛАЗА́ЎРЫ (Cotylosauria),

падклас вымерлых найб. стараж. і прымітыўных паўзуноў. 2 атр., 4 падатр., каля 10 сям., 80 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з сярэдзіны карбону да трыясу (440—230 млн. гадоў назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Антарктыдзе, Афрыцы.

Даўж. ад 20 см да 3,5 м. Цела прысадзістае, галава невял., хвост кароткі. Чэрап з суцэльнай покрыўкай, зубы паднябенныя, шыя кароткая (звычайна з 2 пазванкоў), канечнасці кароткія, масіўныя. Большасць насякомаедныя, былі расліннаедныя і драпежныя. Па рэштках К. вызначаюць узрост выкапнёвых адкладаў.

П.Ф.Каліноўскі.

т. 8, с. 179

КАТЫЛІ́НА (Луцый Сергій) (Lucius Sergius Catilina; каля 108—62 да н.э.),

старажытнарымскі паліт. і дзярж. дзеяч, военачальнік. У грамадз. войнах 88—82 да н. э. прыхільнік Сулы. У 68 прэтар, у 67—66 прапрэтар у правінцыі Афрыка. Дамагаючыся абрання на пасаду консула, сабраў вакол сябе незадаволеных, выступіў абаронцам рым. беднаты, абяцаў ліквідаваць даўгі. Пасля паражэння на выбарах вырашыў дамагчыся ўлады сілай. Змова К. была раскрыта, некаторыя яго прыхільнікі паводле загаду Цыцэрона арыштаваны і пакараны смерцю. Пасля няўдалага замаху на жыццё Цыцэрона К. пакінуў Рым (7.11.63 да н. э.), сабраў у Этрурыі войска. Загінуў у бітве з консульскай арміяй каля Пісторыі (цяпер Пістоя).

Літ.:

Лившиц Г.М. Социалъно-политическая борьба в Риме 60-х гг. I в до н. э. и заговор Катилины. Мн., 1960.

т. 8, с. 179