Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ ВЫВУЧЭ́ННЯ І КАНТРО́ЛЮ ПРЫРО́ДНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,

сукупнасць метадаў, спосабаў і апаратуры для фіксавання параметраў, вывучэння і кантролю будовы, саставу і дынамікі прыроднага асяроддзя з космасу. З дапамогай ШСЗ вядуць пошук карысных выкапняў, вывучаюць дынаміку перыяд. (сутачных, сезонных і інш.) і эпізадычных (ураганы, тайфуны, вывяржэнні вулканаў, пылавыя буры і інш.) прыродных з’яў, фіксуюць праявы антрапагеннай дзейнасці (рэгіянальныя змены ландшафтаў вакол гарадоў, забруджванне вод, энергет. страты з індустр. і жылых аб’ектаў і інш.). З дапамогай касм. метадаў назірання вызначаюць запас вільгаці на палях, стан пасеваў с.-г. культур, прагназуюць ураджай і інш. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюцца для картаграфавання ляснога фонду, інвентарызацыі лясных рэсурсаў і інш. Вызначаюцца высокай навук. і эканам. эфектыўнасцю. Уваходзяць у сістэму экалагічнага маніторынгу.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫЯ ПРАМЯНІ́,

патокі атамных ядраў і элементарных часціц у космасе і атмасферы. К.п. ў космасе наз. першаснымі (ПКП); прамяні, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння ПКП з рэчывам атмасферы ці міжзорнага газу, наз. другаснымі (ДКП).

У склад ПКП уваходзяць пратоны (92%), α-часціцы (7%), інш. ядры і электроны (1%). Большасць ПКП з энергіямі ад 1 да 10​8 ГэВ прыходзяць на Зямлю з Галактыкі і толькі невял. іх колькасць звязана з актыўнасцю Сонца. ПКП з энергіяй большай за 10​8 ГэВ, але меншай за 5∙10​10 ГэВ, магчыма, прыходзяць з Метагалактыкі. Найб. верагодныя крыніцы галактычных ПКП — успышкі звышновых зорак і пульсары, якія пры гэтым утвараюцца. Поўная энергія, што пераносіцца ПКП на Зямлю, невял. і параўнальная з энергіяй бачнага святла зорак. Узаемадзеянне ПКП (большасць іх часціц зараджана дадатна) з магн. полем Зямлі выклікае шэраг т.зв. геамагнітных з’яў, напр., залежнасць інтэнсіўнасці К.п. з энергіяй ~1 ГэВ ад геамагнітнай шыраты і даўгаты. У склад ДКП уваходзяць усе вядомыя элементарныя часціцы. На ўзроўні мора ДКП падзяляюць на жорсткія (μ-мезоны) і мяккія (электроны, пазітроны і фатоны) кампаненты. Мяккія кампаненты ДКП разам з ядз. каскадам утвараюць шырокія атмасферныя ліўні (магутныя патокі другасных часціц), папярочнік якіх дасягае соцень метраў. К.П выкарыстоўваюцца для вывучэння працэсаў узаемадзеяння элементарных часціц і іх структуры, а таксама для выяўлення і вывучэння астрафіз. працэсаў, што адбываюцца ў нетрах Сусвету.

І.С.Сацункевіч.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫ АПАРА́Т,

агульная назва тэхн. сістэм для выканання навукова-тэхн. задач у космасе. Адрозніваюць К.а.: па траекторыі палёту — ШСЗ (рухаюцца па геацэнтрычных арбітах) і міжпланетныя К.а.; па кіраванні — аўтаматычныя (ШСЗ і інш. нябесных цел, аўтам. арбітальныя і міжпланетныя станцыі) і пілатуемыя (касмічныя караблі і арбітальныя станцыі). Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам. Адметная асаблівасць большасці К.а. — магчымасць працяглага самаст. функцыянавання ва ўмовах касм. прасторы. Усе пілатуемыя і большасць аўтам. К.а. маюць сістэму кіравання рухам і ўласную рухальную ўстаноўку. Праблема энергасілкавання вырашаецца пры дапамозе сонечных батарэй, эл.-хім. паліўных элементаў, малагабарытных ядзерных энергет. установак. Канструкцыя К.а. ўлічвае спецыфічныя фактары касм. прасторы — высокі вакуум, рэзкія перапады т-р, наяўнасць метэорных часцінак, высокі ўзровень радыяцыі, бязважкасць. Найб. пашыраныя К.а.: ШСЗ для навук. даследаванняў (напр., «Космас», «Астрон»), сувязі («Маланка») і метэаралогіі («Метэор»); пілатуемыя («Усход», «Саюз», «Меркурый»), арбітальныя станцыі («Салют», «Скайлэб», «Мір»); міжпланетныя К.а. («Месяц», «Апалон», «Венера», «Марынер», «Вікінг», «Піянер», «Вояджэр» і інш.).

У.С.Ларыёнаў.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,

пілатуемы касмічны апарат. Адметная асаблівасць — наяўнасць герметычнай кабіны з сістэмай жыццезабеспячэння касманаўтаў. Адрозніваюць: караблі-спадарожнікі — для палётаў па геацэнтрычных арбітах; міжпланетныя К.к. — для палётаў да інш. нябесных цел; транспартныя — для дастаўкі касманаўтаў і грузаў на борт арбітальных станцый і вяртання іх на зямлю. Бываюць аднаразовага і шматразовага выкарыстання. К.к. мае некалькі адсекаў і забяспечаны рухальнай устаноўкай, сістэмамі навігацыі, кіравання, энергасілкавання, сувязі, аварыйнага выратавання, вяртання на Зямлю і інш. Першы ў свеце К.к., выведзены на арбіту ШСЗ, — «Усход» (12.4.1961; Ю.А.Гагарын). Здзейснены запускі інш. К.к.: y СССР«Узыход», «Саюз», трансп. «Прагрэс»; у ЗША — «Меркурый», «Джэміні», «Апалон», «Спейс шатл». Іл. гл. да арт. Касманаўтыка.

У.С.Ларыёнаў.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць функцыянальна ўзаемазвязаных касм. апаратаў і наземных тэхн. сродкаў для самаст. рашэння задач у космасе ці для забеспячэння рашэння такіх задач у складзе касм. сістэмы. Мае ракету-носьбіт, касм. апарат, тэхн. і стартавы комплексы, сродкі вымяральнага комплексу касмадрома, наземны комплекс кіравання касм. апаратамі.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫ ПЫЛ,

сукупнасць часцінак кандэнсаванага рэчыва ў міжзорнай і міжпланетнай прасторы. Складаецца з часцінак памерам каля 1 мкм з асяродкам з графіту або сілікату. У Галактыцы К.п. утварае згушчэнні — воблакі і глобулы, якія выклікаюць аслабленне святла, што выпраменьваецца зоркамі і інш. касм. целамі.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІК,

гл Ракетны рухавік.

т. 8, с. 150

КАСНІКІ́,

у беларусаў каляровыя стужкі, тасёмкі з разнаколерных шаўковай, баваўнянай тканін ці даматканай шарсцянкі, якія ўпляталі ў косы і ўпрыгожвалі дзявочую прычоску; часам К. ўквечвалі пярэстымі пучкамі часанай воўны (вясельны ўбор маладой Ляхавіцкага строю). Выйшлі з ужытку.

т. 8, с. 150

КАСО́ВІЧ (Каятан Андрэевіч) (14.5.1814, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.2.1883),

бел. і рускі вучоны-ўсходазнавец; адзін з першых санскрытолагаў Расіі. Скончыў Віцебскую гімназію (1832), Маскоўскі ун-т (1836). Чл. Рускага геагр. т-ва (1849). З 1850 рэдактар навук. прад Публічнай б-кі ў Пецярбургу. З 1864 праф. Харкаўскага, з 1865 — Пецярбургскага ун-таў. Пераклаў на рус. мову і выдаў стараж.-інд. драмы «Сунд і Упесунд» (1844), «Сказанне пра Дгруву» (1848), «Васантазена» (1849) і інш., урыўкі з эпасу «Махабхарата», «Яўрэйскую граматыку» Г.Ф.В.Гезеніуса і «Яўрэйскую хрэстаматыю» (1874—75), выдаў «Грэчаска-рускі слоўнік» (з І.Касовічам, 1847), збор стараж.-перс. клінападобных надпісаў (1872), склаў 1-ы ў Расіі «Санскрыта-рускі слоўнік» (1854, выд. не закончана). Верагодна, аўтар публікацыі бел. нар. песні з каментарыем, у якім падкрэслівалася своеасаблівасць бел. мовы (газ. «Молва», 1835, № 21, подпіс «Белорусс К.К.»).

Літ.:

Бас І. Эцюды пра вучоных // Маладосць. 1971. № 8;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1.

т. 8, с. 150

КАСО́ВІЧ (Пётр Самсонавіч) (28.9.1862, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 26.8.1915),

расійскі аграхімік, глебазнавец і фізіёлаг раслін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). У 1891—94 у Маскоўскім ун-це, з 1902 праф. Пецярбургскага ляснога ін-та. У 1897 арганізаваў с.-г. хім. лабараторыю для вывучэння аграхім. уласцівасцей глеб Расіі. Даказаў, што свабодны азот бабовыя расліны засвойваюць толькі праз карані, на якіх ёсць спец. клубеньчыкі (1889—91); вызначыў растваральную ролю фізіялагічна кіслых аміячных угнаенняў, якія ўносяцца разам з фасфарытам. Першым у Расіі даследаваў кругаварот серы і хлору ў прыродзе (1913).

Тв.:

Краткий курс общего почвоведения. 2 изд. Пг., 1916.

т. 8, с. 150