Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КА́ЛВІН (Кэлвін; Calvin) Мелвін

(н. 7.4.1911, г. Сент-Пол, штат Мінесота, ЗША),

амерыканскі біяхімік і хімік-арганік. Чл. Нац. АН ЗША. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, ганаровы чл. многіх замежных т-ваў і акадэмій. Скончыў Мічыганскі каледж горнай прам-сці і тэхналогіі (1931). З 1947 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (у 1960—80 заг. лабараторыі хім. біядынамікі) Навук. працы па праблемах фотасінтэзу. Адкрыў этапы біяхім. пераўтварэнняў двухвокісу вугляроду пры фотасінтэзе (цыкл К.). Нобелеўская прэмія 1961.

Тв.:

Рус. пер. — Химическая эволюция. М., 1971.

М.Калвін.

т. 7, с. 456

КАЛГА́Н,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Дуброўка.

т. 7, с. 456

КАЛГА́Н,

горад у Кітаі, гл. Чжанцзякоу.

т. 7, с. 456

КА́ЛГАРЫ (Calgary). горад на Пд Канады, у перадгор’ях Скалістых гор, у прав. Альберта. 821,6 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр буйнога нафтагазаздабыўнога раёна. Важны прамысл. і гандл. (збожжа, жывёла) цэнтр. Перапрацоўка нафты. Прам-сць: хім., маш.-буд., харчовая. Ун-т. Цэнтр зімовых відаў спорту. Месца правядзення XV зімовых Алімпійскіх гульняў 1988.

т. 7, с. 456

КАЛГА́С, калектыўная гаспадарка,

форма арганізацыі с.-г. працы, створаная ў СССР у працэсе калектывізацыі сельскай гаспадаркі, спецыфічны тып с.-г. арцелі сялян, аб’яднаных для супольнай вытв-сці на аснове грамадскіх сродкаў і калект. працы. У БССР К. створаны ў 1929—37, на тэр. Зах. Беларусі — ў 1950-я г.

Мат.-тэхн. база першых К. складалася з абагуленых асн. сродкаў вытв-сці, якія належалі сялянам. У 1929 для тэхн. абслугоўвання былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС; існавалі да 1958). Сучасныя К. — пераважна шматгаліновыя гаспадаркі, спецыялізаваныя на вытв-сці малака, мяса, лёну, бульбы, цукр. буракоў. Гаспадарку вядуць на зямлі, якая з’яўляецца дзярж. уласнасцю, але перадаецца К. на вечнае карыстанне. Члены К. на агульным сходзе ці сходзе ўпаўнаважаных прымаюць статут, у якім вызначаны аспекты вытв.-гасп. дзейнасці, правы і абавязкі калгаснікаў, а для штодзённага кіраўніцтва гаспадаркай выбіраюць праўленне і яго старшыню. Напачатку аплата працы калгаснікаў вялася натуральнымі прадуктамі ў адпаведнасці з выпрацаванымі працаднямі. З 1960-х г. асн. форма аплаты працы — грашовая, ажыццяўляюцца і натуральныя выплаты. Многія К. маюць свае прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, вытв-сці буд. матэрыялаў, швейныя майстэрні і інш. На сродкі некаторых К. пабудаваны сучасныя пасёлкі гар. тыпу, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, санаторыі, дамы і базы адпачынку. Кожны член К. мае права карыстацца зямельным надзелам (да 1 га) для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. На 1.1.1997 у Беларусі 1810 К., якія аб’ядноўваюць 466 тыс. чал., маюць 7512 тыс. га зямель, у т. л. 3717 тыс. га ворных. З фарміраваннем рыначнай эканомікі некаторыя К. ператварыліся ў акц. т-вы, асацыяцыі фермераў, кааператываў і інш. аб’яднанні таваравытворцаў. Пашыраюцца формы арэнднага вядзення гаспадаркі. Асобныя калгаснікі выходзяць э К. і ствараюць свае фермерскія гаспадаркі.

Да арт. Калгас. Уезд у калгас «Прагрэс». Вёска Верцялішкі Гродзенскага раёна.

т. 7, с. 456

КАЛГА́СНАЕ ПРА́ВА,

y СССР галіна права, якая ўяўляла сабой сукупнасць устаноўленых або санкцыяніраваных дзяржавай прававых норм, што замацоўвалі асн. прынцыпы, формы і парадак арганізацыі і дзейнасці калгасаў і іх выбарных органаў, рэгулявалі ўнутрыкалгасныя адносіны, у т. л. з сем’ямі калгаснікаў і калгаснымі дварамі, рэгламентавалі арганізацыю і дзейнасць міжкалгасных прадпрыемстваў, арг-цый і аб’яднанняў.

т. 7, с. 457

«КАЛГА́СНАЯ ПО́ЛЬКА»,

бел. сцэнічны парна-масавы танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі, для рытму характэрна сінкапіраванне. Створана балетмайстрам П.Акулёнкам на аснове абагульнення элементаў танц. фальклору Талачынскага р-на, паст. ў 1955 у Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі. Вызначаецца складанасцю харэаграфічнага малюнка, разнастайнасцю рухаў у масавых і сольных эпізодах. Дзякуючы яркаму нар. каларыту, жыццярадаснасці настрою набыў вял. папулярнасць, уваходзіць у рэпертуар многіх калектываў маст. самадзейнасці.

Л.К.Алексютовіч.

т. 7, с. 457

КАЛГА́СНА-САЎГА́СНЫЯ ТЭА́ТРЫ,

вандроўныя прафес. т-ры для абслугоўвання калгасаў і саўгасаў. Узніклі ў 1930-я г. Сродкамі тэатр. мастацтва праводзілі агітацыю і прапаганду сярод сялян. Складаліся з мясц. прафес. артыстаў і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Ставілі сав. п’есы, рус. і замежную класіку, творы «малых форм». У 1934—35 і 1939 у Маскве адбыліся 2 Усесаюзныя агляды К.-с.т. На Беларусі першыя К.-с.т. ўзніклі ў 1935 у Гомелі, Барысаве, Мазыры, у 1936 — у Слуцку і Полацку, у 1937 — у Рагачове, у 1938 — у Бабруйску, Лепелі і Заслаўі, у 1939 — у Рэчыцы, у 1940 — у Дзяржынску. У іх рэпертуары нац. бел. драматургія, найб. папулярныя сав., класічныя рус., замежныя творы. Значнае месца займалі літ. кампазіцыі, мантажы, створаныя на мясц. матэрыяле. У сваёй дзейнасці т-ры працягвалі традыцыі Першай бел. трупы І.Буйніцкага, трупы У.Галубка, выкарыстоўвалі практыку агітпаяздоў, агітбрыгад, «Сіняй блузы». У маі 1939 у Мінску адбыўся 1-ы Усебел. фестываль К.-с.т. З пач. Вял. Айч. вайны т-ры спынілі існаванне. У 1956—62 дзейнічаў як К.-с.т. Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр.

т. 7, с. 457

КАЛГА́СНІЦА,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзена скрыжаваннем сартоў Вінеўка і Дэканка зімовая. На Беларусі рэкамендавана для прысядзібнага садаводства, акрамя Віцебскай вобл.

Дрэва сярэднярослае з шырокапірамідальнай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, адносна ўстойлівы да паршы, ураджайны. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), шырокагрушападобныя ці круглаватыя, зеленавата-жоўтыя. Мякаць белая, шчыльная, сакаўная, паўмасляністая, кісла-салодкая. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне верасня. Захоўваецца каля месяца.

М.Р.Мялік.

Калгасніца.

т. 7, с. 457

КАЛГУ́ЕЎ,

востраў у паўд.-ўсх. ч. Баранцава м., за 75 км ад мацерыка, тэр. Расіі. Пл. 5,2 тыс. км². Паверхня вельмі ўзгорыстая, з марэннымі ўзгоркамі. Выш. да 176 м, паўд. частка вострава — плоская раўніна. Шмат азёр і балот. Складзены з пясчана-гліністых адкладаў. Мохава-лішайнікавая арктычная тундра. Аленяводства Аленегадоўля*, рыбалоўства, паляванне. Населеныя пункты: Бугрыно, Северны.

т. 7, с. 457