Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

се́на, ‑а, н.

Скошаная і высушаная трава, якая ідзе на корм жывёле. Стог сена. □ Непадалёк ад дарогі чарнела капа сена. Скрыган. [Засмужац] завёў каня ў хлеў, у зацішку рассядлаў, падкінуў яму сена і тады ўвайшоў у хату. Мележ. // Трава, прызначаная для нарыхтоўкі такога корму. За працу майстры атрымліваюць лес для будовы, косяць сена на пагранічных лугах. Брыль.

•••

Колам і сена травіць гл. травіць.

Сабакам сена косіць гл. касіць ​1.

Як іголка ў стозе сена гл. іголка.

(Як) сабака на сене гл. сабака.

сена...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «сена», напрыклад: сенакасілка, сенасховішча.

сенавалаку́ша, ‑ы, ж.

Сельскагаспадарчая машына для зграбання сена.

сенае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Дробнае насякомае атрада сенаедаў з доўгімі тонкімі вусікамі, якое харчуецца лішайнікамі, грыбкамі і расліннымі рэшткамі.

сенажа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Памянш. да сенажаць. Я бачыў, як вецер на полі гуляў, Зямлю ўзрываў і бярозкай хіляў, Заносіў пяском сенажаткі, лагчынкі, Ламаў на бярозцы жывыя галінкі. Купала. Затоплена сенажатка — Верх травы адно відаць. Колас.

сенажа́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сенажаці, уласцівы ёй. Выйшлі з ёй [дзяўчынай], дзе сенажатная краса Зіхцела, як вясёлкі мнагацветны ўзор. Купала.

сенажа́ць, ‑і, ж.

1. Травастой; месца, дзе расце трава на сена; луг. Касіць сенажаці. □ Жанкі жалі сярпамі жыта, а мужчыны дакошвалі купістую сенажаць. Чорны. Пахнуць сенажаці звялаю травою. Астрэйка. Па абодва бакі дарогі ляжала скошаная сенажаць. Чарнышэвіч. // Месца касьбы. [Алег] разам з.. [хлопчыкамі] ездзіў на сенажаць, наглядаў, як працавалі трактарныя сенакасілкі, ганяў на начлег калгасных коней, хадзіў на рыбалку. Гамолка.

2. Пара, калі пачынаюць касіць. Рыхтаваліся да сенажаці. Чорны.

сеназбіра́льнік, ‑а, м.

Сельскагаспадарчая машына для збірання коп сена пры ўкладцы іх у сцірты ці стагі.

сенакасі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Сельскагаспадарчая машына для касьбы травы. У гэтым годзе на палях нашых калгасаў з’явілася новая самаходная шыроказахопная сенакасілка. «Беларусь».

сенако́с, ‑у, м.

1. Касьба травы на сена. Пачаўся сенакос. □ Пажоўклі травы, якія не паспелі адрасці пасля нядаўняга сенакосу. Шахавец.

2. Месца, адведзенае для касьбы сена. Людзі зразумелі, што пастаў час ператварыць нашы неўрадлівыя сенакосы ў высокаўраджайныя палі. Асіпенка. Там сцелюцца між хвойніку паплавы сенакосу, упіраючыся ў маленькія засценкі і хутаркі. Гартны.

3. Час уборкі сена. Для Якуба самаю вясёлаю і радаснаю парою года быў час сенакосу. Колас.