Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сем, сямі, Т сямю, ліч. кольк.

Лік і лічба «7». Напісаць лічбу 7. Сем у пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 7. Сем вучняў. Сем алоўкаў. □ Сем разоў адмерай, а раз адрэж. Прымаўка. Чорт сем пар лапцей стаптаў, пакуль такую пару дабраў. Прыказка.

•••

Драць сем шкур гл. драць.

За сямю замкамі (пячацямі) гл. замок.

Злупіць (садраць) сем шкур гл. злупіць.

Сагнаць сем патоў гл. сагнаць.

Сем карабоў гл. кораб.

Сем пятніц на тыдні ў каго гл. пятніца.

Спусціць (зняць) сем шкур гл. спусціць.

У адзін дзень сем перамен — тое, што і сем пятніц на тыдні (гл. пятніца).

се́ма, ‑ы, ж.

Сэнсавая адзінка.

сема́нтыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Сэнсавае значэнне (слова, моўнага звароту, граматычнай формы).

2. Тое, што і семасіялогія.

[Ад грэч. sēmantikós — які абазначае, знак.]

семанты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да семантыкі. З пункту погляду семантычнай характарыстыкі і сферы ўжывання ў старабеларускай мове лацінізмы можна падзяліць на два асноўныя разрады. Жураўскі.

семасіёлаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне семасіялогіі.

семасіялагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да семасіялогіі. Семасіялагічныя даследаванні.

семасіяло́гія, ‑і, ж.

Раздзел мовазнаўства, які вывучае значэнні слоў і выразаў і змяненне гэтых значэнняў у працэсе развіцця мовы.

[Ад грэч. sēmasiā — значэнне, сэнс і logos — вучэнне.]

семафо́р, ‑а, м.

1. Сігнальнае прыстасаванне на чыгунцы, якое паведамляе, што пуць свабодны або заняты. Семафор адкрыты. □ І чым халадней, тым гучней гудуць паравозы, углядаючыся сваімі пукатымі бліскучымі вачыма ў далёкія агеньчыкі семафораў. Лынькоў. Папераджальна равучы перад узнятымі семафорамі, экспрэс уварваўся ў прыгарады Мінска. Паслядовіч.

2. У марской справе — спосаб сігналізацыі пры дапамозе флажкоў, змянення становішча рук сігнальшчыка. Перадаць семафорам. // Розныя прыстасаванне якія ўстанаўліваюцца на беразе для сігналізацыі суднам. Берагавы семафор. Мачтавы семафор.

[Ад грэч. sēma — знак і phorós — які нясе.]

семафо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да семафора (у 1 знач.). Семафорныя агні.

2. Які служыць для падачы сігналу семафорам (у 2 знач.); звязаны з выкарыстаннем семафора (у 2 знач.). Семафорны флажок. Семафорная азбука.

семафо́ршчык, ‑а, м.

1. Чыгуначны рабочы, які кіруе семафорам.

2. Той, хто перадае, а таксама прымае сігналы па семафору (у 2 знач.).