се́ра, ‑ы, ж.
1. Хімічны элемент — лёгкае на загаранне рэчыва жоўтага ці шараватага колеру.
2. Разм. Жоўтае тлустае рэчыва, якое ўтвараецца на сценках вушнога канала.
серабактэ́рыя, ‑і, ж.
Мікраарганізм, які акісляе адноўленыя злучэнні серы.
серабро́, ‑а, н.
1. Хімічны элемент, каштоўных высакародны бліскучы метал шаравата-белага колеру (выкарыстоўваецца для вырабу ювелірных рэчаў, пасуды, для чаканкі манет і пад.). Сплавы серабра.
2. зб. Вырабы з гэтага металу. [Клопікаў:] — Хапіліся сталовага серабра — а таго след прастыў. Лынькоў.
3. Дробная разменная манета са сплаву, у які ўваходзіць гэты метал або нікель. Кашалёк намацаў, серабром пабразгаў, Заходжу — паважаны купец. Панчанка.
4. перан. Што‑н. бліскучае, белае, якое колерам ці бляскам нагадвае гэты метал. Кранеш незнарок галінку — і пасыплецца проста за каўнер халоднае серабро. Гамолка. А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. / Пра сівізну. — Як гэта ён цябе?.. — не зразумеў Сымон і заскроб чорнымі пальцамі серабро сівізны. Нікановіч. // Белы з бляскам колер, афарбоўка чаго‑н. Месяц, яркі і круглы, абліў хвойнік расплаўленым серабром. Бядуля.
5. перан. Меладычнасць, звонкасць (голасу, гуку і пад.). На адгоне квартала — рассыпалася серабро сігнальнага званка. Гартны.
серабро́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад серабрыць.
серабры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Пра тое, што колерам нагадвае серабро. У.. [Грыбаўца] ўжо дзе-нідзе пракінуліся серабрынкі на скронях. Пестрак. / у перан. ужыв. З глыбінных крыніц народнага жыцця Р. Барадулін шаноўна чэрпае жывінкі, тыя крышталёвыя серабрынкі, якія так абпраменьваюць ягоныя творы. Бялевіч.
серабры́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць серабрыстага. Серабрыстасць ракі. Серабрыстасць сняжынак.
серабры́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Серабрысты іней. □ Вярнуўся з космасу Гагарын на серабрыстым караблі. Машара. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Вялізны саган, пабліскваючы серабрыстай луской, пляснуўся ў кош. Асіпенка. // З сівымі валасамі, з сівізной. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай. Нікановіч.
2. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (пра смех, голас і пад.). Хай звініць серабрыстым смехам Залатога маленства пара. Глебка. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім паветры жаўранак. Мурашка.
3. Як складаная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Серабрыстая таполя. Серабрыстая ліса. Серабрысты трус.
серабры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. Рабіцца серабрыстым, набываць серабрысты колер, бляск. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Выдзяляцца сваім серабрыстым колерам, бляскам, віднецца (пра што‑н. серабрыстае). На аддаленых вяршынях серабрацца воблакі. Бядуля. Усё дно ракі серабрыцца на сонцы, зіхаціць, усланае маляўкай... Краўчанка. // Сівець; зіхацець сівізной. На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй, якія, як і раней, захавалі свой сталёвы колер і сваю напорыстасць. Пестрак.
2. Зал. да серабрыць.
серабры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
1. Пакрываць тонкім слоем серабра. Серабрыць лыжкі.
2. Рабіць серабрыстым, надаваць чаму‑н. серабрысты колер, бляск. Месяц серабрыў хвалі, на якіх пагойдваліся бярвенні, — па рацэ сплаўлялі лес. Даніленка. Прамоўца паварочваецца да тых, якія стаяць у парозе, аконнае святло падае яму на шчаку і серабрыць скроню. Дуброўскі.
серабрэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. серабрыць (у 1 знач.).