Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сепара́тар, ‑а, м.

1. Апарат для выдзялення аднаго рэчыва з саставу другога. Малочны сепаратар. Адстойны сепаратар. Магнітны сепаратар. □ Сапраўды, неразумна адвозіць малако за дваццаць кіламетраў на малочны пункт толькі дзеля таго, каб там прапусцілі яго праз сепаратар. Дуброўскі.

2. У машынабудаванні — металічная або пластмасавая, абойма для раздзялення шарыкаў або ролікаў у падшыпніках.

[Ад лац. separator — аддзяліцель.]

сепара́тарны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сепаратара і да вырабу сепаратараў. Сепаратарны цэх.

2. Які мае адносіны да сепарацыі малака. Сепаратарны пункт.

3. у знач. наз. сепара́тарная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе адбываецца сепарацыя чаго‑н. (у 1 знач.).

сепара́таршчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца сепарацыяй чаго‑н.

сепара́таршчыца, ‑ы, ж.

Жан. да сепаратаршчык.

сепара́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сепаратнага. Сепаратнасць перагавораў.

сепара́тны, ‑ая, ‑ае.

Асобны, які вядзецца без ведама і згоды саюзнікаў. Сепаратны дагавор. Сепаратны мір. // Адасоблены ад іншых. [Яраш:] — Хвіліначку, сябры. Сумнавата робіцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне... Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Шамякін.

[Лац. separatus — аддзелены.]

сепараты́зм, ‑у, м.

Імкненне да аддзялення, адасаблення. // У буржуазных шматнацыянальных дзяржавах — рух нацыянальнай меншасці за аддзяленне і ўтварэнне самастойнай дзяржавы або аўтаномнай вобласці.

[Фр. separatisme ад лац. separatus — аддзелены.]

сепараты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік сепаратызму.

сепараты́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да сепаратыст.

сепараты́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сепаратыста, сепаратызму. Сепаратысцкі рух. Сепаратысцкія погляды.