Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сеза́м 1, ‑у, м.

Тое, што і кунжут.

[Грэч.]

сеза́м 2, ‑а, м.

1. (з вялікай літары). У выразе: Сезам, адкрыйся! — ужываецца жартам пры намеры пранікнуць у якую‑н. тайну, перамагчы якую‑н. перашкоду (першапачаткова — заклінанне ў арабскай казцы, сілаю якога раскрывалася тайна скарбніцы).

2. Тайная скарбніца; таямніца. Сезам можна адчыніць толькі сваімі ключамі. Палтаран.

сеза́мавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сезаму ​1; кунжутавы. Сезамавае масла.

сезо́н, ‑а, м.

1. Адна з чатырох пор года. Летні сезон. □ Што ні кажы, на дварэ трыццаць градусаў, а касцюм у хлопца яўна не па сезону. Беразняк. Як ніткі — тоненькія бровы, і кудзерцы — бялюткі лён. Пашые дзяўчына абновы На ўсю вясну, на ўвесь сезон. Пысін.

2. Частка года, найбольш прыдатная для якіх‑н. работ, адпачынку і пад. Будаўнічы сезон. Купальны сезон. □ Ці ж гэта жарт — бесперабойна працаваць увесь сезон, захаваць у спраўнасці ўсе машыны і ўвосень на іх даваць па дзве — дзве з палавінай нормы. Хадкевіч. На Чорным моры ў верасні сама што сезон. Васілёнак. Кожны з тэатраў рэспублікі за сезон ужо ставіць па некалькі арыгінальных твораў. «Полымя». Дачакаліся мы паляўнічага сезона палявання на птушак. Ведаеце, рукі самі так і цягнуцца да стрэльбы. Грамовіч. // Час выспявання якіх‑н. пладоў і пад. Вінаградны сезон.

•••

Бархатны сезон — асеннія месяцы (верасень, кастрычнік) на поўдні.

Мёртвы сезон — перыяд застою ў прамысловасць гандлі (у капіталістычных краінах).

[Фр. saison.]

сезо́ннасць, ‑і, ж.

Магчымасць ажыццяўлення чаго‑н. у пэўны сезон года; дастасаванасць да пэўнага сезона. Сезоннасць сельскагаспадарчых работ. // перан. Дастасаванасць да пэўнага моманту. Аднак разуменне сучаснага тады-сяды падмяняецца сезоннасцю, працай па прывычных схемах, у якія ўкладаюцца якасна новыя праявы жыцця. Лужанін.

сезо́ннік, ‑а, м.

Рабочы, які працуе на сезонных работах. Вярталіся дамоў сезоннікі з Латвіі, Літвы і нават з Эстоніі. Машара.

сезо́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да сезоннік.

сезо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пэўнага сезона, звязаны з ім. Халуста трымаў круглы год парабка і служанку, а ў час жніва і сенакосу паймаў сезонных работнікаў. Чарнышэвіч. З пагаршэннем надвор’я, як правіла, адразу паяўляюцца сезонныя сельскагаспадарчыя работы. Кулакоўскі. // Які адпавядае пэўнаму сезону, які дзейнічае ў гэты сезон. Сезоннае адзенне. Сезонны білет.