Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

се́дала, ‑а, н.

1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня. Пад павеццю на седале закудах[т]ала курыца. Рылько. Седалы і гнёзды для нясушак зрабіў Вацлаў Нехвядовіч, які аказаўся на дзіва кемлівым птушнікам. Б. Стральцоў. [Стэфка:] — Курачкі цяпер на седале, то ідзі злаві мне адну, Сымонка. Чарнышэвіч. // Месца, дзе гняздзяцца птушкі. Ужо каторы раз над намі моўчкі і паспешліва праляталі на свае седалы самыя познія вароны. Кулакоўскі. Сам арол вісеў галавою ўніз, безупынку лопаючы крыламі. Вось яму ўдалося зноў уладкавацца на сваім седале. Беразняк.

2. Гняздо ў куратніку, дзе нясуцца куры або выседжваюцца кураняты. Яечка — рэдкая прыемнасць у Ганьчыным жыцці. Ганька толькі збірае яйкі на седале і складае іх у стары зялёны макацёр. Васілевіч. У сярэдзіне мая маці пасадзіла на рэшата сапраўдную квактуху Чубатку. — А тваю, відаць, пара з седала выкідаць, — сказала яна да Мані. Якімовіч.

3. перан. Разм. Месца, дзе чалавек пражыў шмат год; абжыты куток. Было страшна, што адарвешся ад роднага седала ды і згубішся ў людзях. Асіпенка. Нейкі час Надзя глядзела засяроджана на сваё колішняе седала, і хоць усё для яе было тут звыклае і роднае, глядзела і не верыла сваім вачам. Гроднеў. // Наседжанае месца або прыдатнае для сядзення месца. Антон праверыў усе вуды, начапляў новых чарвякоў, пажыў рукі і, крыху адышоўшыся ад вады, пачаў рыхтаваць седала — стаяць над вудамі ён ужо стаміўся. Савіцкі.

се́дзень, ‑дня, м.

У выразе: седнем сядзець гл. сядзець.

седлава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сядлаць.

2. Спосаб, якім асядланы конь. Вучэбнае седлаванне. Паходнае седлаванне.

седлава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З седлавінай (пра каня).

2. Які мае форму сядла; выгнуты. Сям-там, як бы ля падножжа, да.. [будынкаў] туліліся драўляныя домікі з седлаватымі дахамі і шчарбатымі комінамі. Карпаў. Яблыня гэтая была седлаватай і аднабокай: відаць, нямала давялося ёй перанесці ўсякіх нягод. Кулакоўскі. // З упадзінай на носе. Гэта быў кашчавы, год пад семдзесят стары, з шырокім пукатым ілбом, седлаватым носам і з крутым падбародкам. М. Ткачоў.

седлаві́на, ‑ы, ж.

1. Прагіб у спіне жывёлін (пераважна ў коней). // Упадзіна на носе. На пераноссі, на самай седлавіне яго, рассыпаны кроплі, як на цецеруковым яйку, кроплі рабаціння. Баранавых.

2. Прадаўгаватая ўпадзіна паміж дзвюма высокімі вяршынямі ў горным хрыбце. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка. Быкаў. // Участак дарогі з прадаўгаватым прагібам. Партызаны-сігнальшчыкі, якія спецыяльна былі выстаўлены ўсцяж усёй седлавіны дарогі, раз-пораз папярэджвалі. М. Ткачоў.

седлавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да сядла. Седлавая лука. // Звязаны з вырабам сёдлаў. Седлавая майстэрня.

седлападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму сядла. Седлападобны выгіб.

се́дня, ‑і, ж.

Разм. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. сядзець. Мы яшчэ не сагрэліся пасля седні ў ельніку, і цяпер у нас ні ў кога не трапляў зуб на зуб. Пташнікаў. Зноў маладзік з нябеснай седні Прасунуў рожкі праз вазон, І пахне ноч духмяным сенам, І сніцца добры даўні сон... Камейша.