Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

селадо́н, ‑а, м.

Уст., цяпер іран. Аматар заляцацца да жанчын, валацуга. Румяныя вусны [графа Хаданскага] завучана ўсміхаюцца, — нават ямачка амура на адной шчацэ. Відаць, быў у свой час селадон, ведаў сабе цану. Караткевіч.

[Ад імя Селадон — героя рамана французскага пісьменніка 16–17 стст. д’Юрфэ.]

се́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да селю. Селевая плынь.

селе́ктар, ‑а, м.

Электрамагнітны апарат на чыгунцы, будоўлі і пад. для адначасовага выкліку некалькіх або ўсіх тэлефонных абанентаў лініі. [У пакоі] стаяць селектары і тэлефонныя апараты, звязаныя дзесяткамі правадоў з усімі ўчасткамі і службамі будоўлі. Грахоўскі.

[Ад лац. selector — сарціроўшчык.]

селе́ктарны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да селектара. Селектарны апарат. Селектарная ўстаноўка.

2. Які выконваецца, ажыццяўляецца з дапамогай селектара. Селектарная сувязь.

селекты́ўнасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць рабіць адбор; выбіральнасць. Селектыўнасць радыёпрыёмніка.

селекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Здольны рабіць адбор; выбіральны. Селектыўная адсорбцыя. // Заснаваны на здольнасці рабіць адбор. Селектыўная ачыстка нафтапрадуктаў.

[Фр. selectif ад лац. selectio — адбор, выбар.]

селекці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Праводзіць селекцыю (у 2, 3 знач.). Селекціраваць звесткі.

селекцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да селекцыі. [Стася] расказала, што іхні гурток некалькі год праводзіць селекцыйную работу па вывядзенню шыпшыны з больш сакавітымі пладамі, з меншаю колькасцю насення. Дубоўка. // Атрыманы ў выніку селекцыі. Селекцыйны сорт ячменю. // Які займаецца селекцыяй. Селекцыйная станцыя.

селе́кцыя, ‑і, ж.

1. Раздзел агранома і заатэхніі, які вывучае метады вывядзення новых сартоў і гібрыдаў сельскагаспадарчых раслін і парод жывёл. Вера Васільеўна працавала дацэнтам на кафедры селекцыі і вяла даследчую работу. Дуброўскі.

2. Галіна сельскагаспадарчай вытворчасці, якая займаецца вывядзеннем сартоў і гібрыдаў сельскагаспадарчых культур, парод жывёл. У галіне селекцыі пладовых культур у нас маецца рад выдатных дасягненняў. «Беларусь».

3. У тэхніцы — вылучэнне карысных сігналаў на фоне перашкод у каналах сувязі. Селекцыя імпульсных сігналаў.

[Ад лац. selectio — адбор.]

селекцыяне́р, ‑а, м.

Спецыяліст, які займаецца селекцыяй.