по́бач,
1. прысл. Адзін каля аднаго, па суседству. Тут будзе камендатура. А вы займайце дамы побач. Якімовіч. Ідуць яны разам, побач. Апанас час ад часу на сына паглядае. Кавалёў. Тут, побач за павароткай, быў урачэбны кабінет. Мележ.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «побач» выражае прасторавыя адносіны і ўказвае на размяшчэнне блізка каля каго‑, чаго‑н., поруч з кім‑, чым‑н. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Жанчына ішла побач воза. Чорны. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў яго побач суседняе баразны. Гартны. Мароз і Сонца. Побач іх Вецер з Хмаркай удваіх. Дубоўка.
•••
Побач з (са) (у знач. прыназ. з Т) — а) зусім блізка ля каго‑, чаго‑н. Малады алешнік воддаль, побач з ім — чарот зялёны. Пушча. Хата дзеда Антона была побач са школай. Капусцін. І Ганька стараецца ісці з Шарай побач. Васілевіч; б) адначасова з чым‑н., разам з чым‑н. Побач з працай над дыялекталагічным атласам праводзілася манаграфічнае апісанне і вывучэнне беларускіх дыялектаў. Суднік.
Побач ля (у знач. прыназ. з Р) — недалёка ад каго‑, чаго‑н., каля каго‑, чаго‑н. Побач ля Камуны паўсталі саўгасы. Купала.
по́бліз, прысл. і прыназ.
Тое, што і паблізу. І ўдарылі гарматы Побліз нашага сяла. Броўка. Але тады Паблукаў я побліз раю Першы раз за ўсе гады. Панчанка.
по́блізу, прысл. і прыназ.
Тое, што і паблізу. Мы тут поблізу паходзім, калі што якое — дамо знаць. Колас. Сяліба была глухая і стаяла яна поблізу рэштак велізарнага лесу. Чорны. На вакзальнай плошчы, у трамваі, поблізу мяне сеў чалавек. Скрыган. Поблізу яго [дзядзькі], прывязаны да плоту, стаяў нязграбны галавасты конь. Мележ.
по́быт, ‑у, М ‑быце, м.
1. Тое, што і быт. Чытаў [Хэлд] у арыгінале творы савецкіх пісьменнікаў, каб хоць трошкі пазнаёміцца з душой, побытам рускіх. Сабаленка. Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.
2. Знаходжанне, прабыванне дзе‑н. За гэты час побыту ў школе Аленка значна змянілася. Колас. Праз увесь час майго побыту ў Жорнаўцы сюды не даходзілі ніякія газеты, ні лісты. Мядзёлка.