по́марака, ‑і, ДМ ‑рацы, ж.
Тое, што і вар’яцтва, шаленства. // Страта здольнасці разумець тое, што акружае (ад стомленасці, хваробы і пад.).
по́мач, ‑ы, ж.
Дапамога, падмога. [Самоцька:] — Прападу, калі не будзе ніякай помачы. Чорны. Малы адвык ужо клікаць на помач бабулю ці маму і пачынае свой дзень самастойна. Брыль.
по́меж, прысл. і прыназ.
1. прысл. Поруч, побач. Ісці помеж.
2. прыназ. з Т у спалучэнні з прыназ. «з». Поруч, побач з кім‑, чым‑н. Стаць помеж з бацькам. □ Пракоп Асіна прайшоў да Вінцуся Шавеля і прысеў помеж з ім. Гартны.
по́месь, ‑і, ж.
Парода, патомства, атрыманыя ад скрыжавання жывёлы або раслін розных відаў, народ, гатункаў. Мул — помесь асла з кабылай. // Асобная жывёліна або расліна, атрыманая такім спосабам.
по́мнік, ‑а, м.
1. Архітэктурнае або скульптурнае збудаванне ў знак ушанавання памяці якой‑н. асобы або падзеі. Пасярод плошчы узвышаўся помнік У.І. Леніну. Хадкевіч.
2. Збудаванне на магіле з граніту, мармуру і пад. ў памяць памёршага. Тут жа, побач, над брацкай магілай стаіць помнік. Бялевіч. [Хлопцы] зрабілі невялікую труну і на магіле паставілі помнік. Навуменка.
3. Прадмет матэрыяльнай культуры мінулага. Недалёка ад плошчы ўбачыў драўляную царкву, цікавы помнік народнага ўмельства. В. Вольскі.
4. Твор старажытнай пісьменнасці. Літаратурныя помнікі гэтага часу [канца 17 і 18 стст.] нешматлікія. Івашын. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.
5. перан. Тое, што напамінае аб чыіх-небудзь справах. [Алеся:] — Вырастуць дрэвы і будуць помнікам тым, хто загінуў у імя гэтай перамогі... Шамякін.
по́мніцца, ‑ніцца; незак.
1. Захоўвацца ў памяці, не забывацца. Надыход восені з маленства помніцца мне па гудзенню гэтых правадоў. Кулакоўскі. Мне помніцца год Сорак трэці, Пачатак суровай зімы. Прыходзька.
2. у знач. пабочн. по́мніцца. Як у памяці. Тады ў Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна. Асіпенка. Мы тады, помніцца, шумна спраўлялі наваселле. Былі Галіны саслужыўцы, Толікавы сябры, быў, вядома, запрошаны і я з жонкаю. Васілёнак.
по́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што, аб кім-чым і з дадан. cказам.
Трымаць у памяці, не забываць. — У жыцці чалавека бывае адзін такі выпадак, адно здарэнне, якое, магчыма, цягнецца ўсяго некалькі хвілін, але помніш аб ім усё жыццё. Шамякін.
•••
Не помніць сябе — будучы ўсхваляваным, не разумець сутнасці сваіх учынкаў.
Помніць да новых венікаў — доўга помніць.
Помніць сябе — усведамляць сваё існаванне.
по́мпа 1, ‑ы, ж.
Прыстасаванне, якім пампуюць вадкасць або газ; насос. Матор помпы ўключаны, шланг укідаюць у студню, і вось — струмень вады, ператвораны ў страшную сілу, уразаецца ў полымя... Брыль.
по́мпа 2,
Непраўдзівая, паказная пышнасць. [Слаўка:] — Навошта ўся гэтая помпа, з якой вы праводзіце нарады камандзіраў партызанскіх груп? Новікаў. Адкрыццё бальніцы ў свой час адбывалася з вялікай помпай, аб ім многа пісалі. Арабей.
по́мпавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да помпы 1. Помпавая станцыя.
по́мслівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць помслівага. Помслівасць характару. // Пачуццё, жаданне помсты. — Дык гэта ж ты варту-уеш, — усё з той жа іроніяй адзначыў старшыня. Радасная помслівасць яшчэ жыла ў ягонай душы. Савіцкі.