поп, папа, м.
Разм. Свяшчэннік. Заборцаўскі поп накіраваўся на цвінтар, каб пачаць раннюю службу. Колас. Поп саграшыў, а дзяка вешаюць. Прыказка.
•••
На папа (ставіць, паставіць і пад.) — стаўма, вертыкальна.
Шалёны поп хрысціў каго — пра неўраўнаважанага, схільнага да неабдуманых учынкаў чалавека.
по́паўзень, ‑зня, м.
Маленькая птушачка атрада вераб’іных, якая вельмі спрытна лазіць па дрэвах уверх і ўніз галавой. Па ствалу суседняга дрэва прабег зверху ўніз попаўзень. Хомчанка.
по́пел, ‑у, м.
Пылападобная, звычайна шэрая маса, якая застаецца пасля згарання, спальвання чаго‑н. Сцёпка дакурыў люльку, выбіў з яе попел, схаваў за пазуху і толькі тады падаўся памаленьку ў панскія пакоі. Якімовіч.
попелаўло́ўнік, ‑а, м.
Прыстасаванне для ўлоўлівання попелу.
по́пелішча, ‑а, н.
Абл. Папялішча. Яны ўтраіх шчасліва перасядзелі ў блізкім лесавым хутарку фронт, прасядзелі пад руінамі, на попелішчы. Чорны.
по́пельніца, ‑ы, ж.
Спецыяльная пасудзіна для акуркаў і страсання попелу пры курэнні. [Мужчыны] паспелі ўжо добра пракурыць канцылярыю, уклаўшы ў попельніцу каля дзесяці акуркаў. Гартны.
по́пельны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да попелу. Стары прысеў каля топкі, зазірнуў у попельную скрынку, паківаў галавой. Васілёнак.
2. Сівы, колеру попелу. Ад лугавых узгоркаў, выпаленых сонцам да попельнага колеру, дыхала сумным настроем восені. Шамякін. Попельныя валасы, што выбіваліся з-пад белай касынкі, яшчэ больш пасівелі. Місько.
по́перак, прысл. і прыназ.
Разм. Тое, што і папярок. Гарачы .. быў [Андрэй] — слова поперак не скажы. Пташнікаў. Я ляжу поперак воза і.. бачу, як далёка над лесам лягла сіняя хмара. Ракітны.
по́плаў, ‑лаву; мн. паплавы, ‑оў; м.
Луг у пойме ракі. Нешырокая рэчка за вёскай выйшла з берагоў і заліла паплавы. Сіняўскі. [Сад] падступае амаль да рэчкі, за якой адразу пачынаецца поплаў, там самы пахучы, самы мяккі мурог. Марціновіч.
по́плеч, прысл.
У непасрэднай блізкасці з кім‑н., плячо з плячом, поруч, побач. Каля пярэдняга воза поплеч ішлі Сымон Мікуць і Міхал Стальмаховіч. Чорны. І вось так прыпала якраз, што Уладзіку давялося ляжаць у тым асінніку поплеч з дзядзькам Сцяпанам. Краўчанка. Падняў Бурмагін роту ў атаку, сам поплеч з хлопцамі бег. Мыслівец.