под, ‑а, М ‑дзе; мн. пады, ‑оў; м.
Гарызантальная паверхня ўнутры печы, на якую кладзецца паліва. [Жанчына] сплюхнула цеста на лапату, звыклымі рухамі загладзіла буханку і таропка скінула на гарачы под печы. Стаховіч. [Пякарня] некалі яшчэ тут была, прыватная, трэба было печы перакласці, з новай цэглы пады паслаць. Лобан.
по́давы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пода; з подам. Подавая печ.
2. Спечаны на подзе ў печы. Подавы хлеб.
по́даўна, прысл.
1. Даволі даўно. Цемнавата ўжо ў лесе, сонца подаўна зайшло, але гэты мяшок, мабыць, відзён будзе кожнаму нават і ў поўным змроку. Кулакоўскі.
2. Тым больш. [Ціхан:] — І тады шапкі мы не дужа ламалі перад немцам, а перад цяперашнім немцам і подаўна. Лынькоў.
по́даць, ‑і, ж.
Гіст. Падушны падатак, які плацілі сяляне і мяшчане ў дарэвалюцыйнай Расіі. Лес, да ніткі абадраны, Як за подаці мужык, Замест лісця ў бель убраны, Іней тчэ яму башлык. Колас.
по́дбегам, прысл.
Вельмі хутка, падбягаючы (рухацца, перамяшчацца). Жарнавік хадзіў подбегам, вечна спяшаўся — ці то на .. вытворчы аб’ект, ці на станцыю. Пестрак. Сёмка ківае галавой і подбегам накіроўваецца ў свой двор. Кавалёў.
по́дбежкам, прысл.
Тое, што і подбегам. Не раздумваючы, .. [настаўнік] таропка, амаль подбежкам пайшоў да кустоў. Галавач. Падцягваючы карацейшую нагу, .. [Міхал] подбежкам кінуўся ў бок алешніку. Васілевіч.
по́дбіўка, ‑і, ДМ ‑біўцы; Р мн. ‑бівак; ж.
Тое, што і падбіўка (у 2 знач.).
по́двязка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Тое, што і падвязка.
по́дзвіг, ‑у, м.
Гераічны, самаадданы ўчынак; важнае па свайму значэнню дзеянне. Працоўны подзвіг. □ Хто не разумее гэтых пачуццяў моладзі — змагацца, ісці на подзвігі, рызыкаваць жыццём?.. Васілевіч. Жыццё Веры Харужай — гэта подзвіг, яркі прыклад служэння Айчыне. «Маладосць».
по́дкалатка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Заправа з мукі і вады для некаторых відаў стравы.