по́галас, ‑у, м.
Разм. Тое, што і пагалоска. Народны погалас хутчэй за вецер разносіць навіны ў самыя далёкія аулы і паселішчы. Васілёнак.
по́галаска, ‑і, ДМ ‑ласцы; Р мн. ‑сак; ж.
Тое, што і пагалоска. Пра гэтае смешнае здарэнне доўга гаварылі, а пасля з года ў год так і хадзіла погаласка пра бойку чалавека з пеўнем. Чорны.
по́гань, ‑і, ж.
Разм. пагард. Пра тое, што выклікае агіду; нешта паганае, непрыемнае. Вера злуе на сябе і спехам мяркуе, ці яшчэ не позна выгнаць яе, гэтую кулацкую погань. Зарэцкі. — Кажуць, — дадавалі другія, — што гэта не павадыр яго быў, а паўстанец, які ішоў пана нашага забіць — шкада, што не забіў гэту погань... Чарот. Ведаеш чалавека, здаецца, як не трэба лепш, і раптам ён такім зробіцца, што ніколі не падумаў бы. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец.
по́гляд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Накіраванасць зроку на каго‑, што‑н. Я тады быў у тым узросце, калі ўжо не млеюць ад дзявочых поглядаў і ўсмешак. Васілевіч. [Якуб] зноў пераводзіць погляд на паляну і спрабуе ўявіць на ёй далёкі, напаўзабыты вобраз. Зарэцкі.
2. які. Выраз вачэй, манера глядзець. Мужны і дародны [Батура], Як той дуб, плячысты, погляд — ясны, чысты. Пушча. І чуць калі што вынікала, То бацька кідаў так, бывала, На хлопцаў погляд выразліва, Што тыя ў лаву баязліва Траха са страху не ўпаўзалі, Бо гэты погляд добра зналі. Колас.
3. Пункт гледжання. Кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце... Бядуля. Кожны расказваў сваё, на яго погляд, самае цікавае і незвычайнае. Пальчэўскі. Погляд Дубоўкі на паэзію мае многа агульнага з поглядам на яе Максіма Багдановіча: як той, так і другі змагаліся за высокую культуру беларускага верша. Конан.
•••
Абвесці поглядам гл. абвесці.
Абеглы погляд — мімалётны, ледзь улоўны погляд.
На першы погляд — паводле першага ўражання.
На погляд — па знешняму выгляду.
по́граб, ‑а, м.
Яма з крытым верхам і сценамі з бярвення, якая служыць для захавання бульбы, гародніны. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. // Ніжняя частка дома, падвал, дзе захоўваюцца прадукты. Бульбу перанеслі ў сенцы, саставілі мяшкі наўкруг .. над пограбам. Паўлаў.