по́гляд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Накіраванасць зроку на каго‑, што‑н. Я тады быў у тым узросце, калі ўжо не млеюць ад дзявочых поглядаў і ўсмешак. Васілевіч. [Якуб] зноў пераводзіць погляд на паляну і спрабуе ўявіць на ёй далёкі, напаўзабыты вобраз. Зарэцкі.

2. які. Выраз вачэй, манера глядзець. Мужны і дародны [Батура], Як той дуб, плячысты, погляд — ясны, чысты. Пушча. І чуць калі што вынікала, То бацька кідаў так, бывала, На хлопцаў погляд выразліва, Што тыя ў лаву баязліва Траха са страху не ўпаўзалі, Бо гэты погляд добра зналі. Колас.

3. Пункт гледжання. Кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце... Бядуля. Кожны расказваў сваё, на яго погляд, самае цікавае і незвычайнае. Пальчэўскі. Погляд Дубоўкі на паэзію мае многа агульнага з поглядам на яе Максіма Багдановіча: як той, так і другі змагаліся за высокую культуру беларускага верша. Конан.

•••

Абвесці поглядам гл. абвесці.

Абеглы погляд — мімалётны, ледзь улоўны погляд.

На першы погляд — паводле першага ўражання.

На погляд — па знешняму выгляду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)