побач,

1. прысл. Адзін каля аднаго, па суседству. Тут будзе камендатура. А вы займайце дамы побач. Якімовіч. Ідуць яны разам, побач. Апанас час ад часу на сына паглядае. Кавалёў. Тут, побач за павароткай, быў урачэбны кабінет. Мележ.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «побач» выражае прасторавыя адносіны і ўказвае на размяшчэнне блізка каля каго‑, чаго‑н., поруч з кім‑, чым‑н. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Жанчына ішла побач воза. Чорны. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў яго побач суседняе баразны. Гартны. Мароз і Сонца. Побач іх Вецер з Хмаркай удваіх. Дубоўка.

•••

Побач з (са) (у знач. прыназ. з Т) — а) зусім блізка ля каго‑, чаго‑н. Малады алешнік воддаль, побач з ім — чарот зялёны. Пушча. Хата дзеда Антона была побач са школай. Капусцін. І Ганька стараецца ісці з Шарай побач. Васілевіч; б) адначасова з чым‑н., разам з чым‑н. Побач з працай над дыялекталагічным атласам праводзілася манаграфічнае апісанне і вывучэнне беларускіх дыялектаў. Суднік.

Побач ля (у знач. прыназ. з Р) — недалёка ад каго‑, чаго‑н., каля каго‑, чаго‑н. Побач ля Камуны паўсталі саўгасы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)