нейзі́льбер, ‑у, м.
Спец. Сплаў медзі і нікелю з цынкам, які ўжываецца для вырабу пасуды, а таксама ў машынабудаванні.
[Ням. Neusilber — новае серабро.]
нейзі́льберавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да нейзільберу, зроблены з гэтага сплаву.
не́йкі, ‑ая, ‑ае; займ. неазначальны.
1. Невядома які; незнаёмы. З туманоў выплывае лодка. На ёй рыбак, хлопчык і нейкі чалавек у белай кашулі. Кучар. [Толя] спыніўся і затуманенымі вачыма пачаў разглядаць нейкае чужое, невядомае яму месца. Якімовіч. І нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах. Ваданосаў. // Няясны; незразумелы, дакладна неакрэслены. Сэрца б’ецца, к жыццю рвецца, К нейкім светлым снам. Купала. Нейкая невядомая сіла цягнула.. [Таццяну] ў лес. Шамякін. // Якісьці. А шапка.. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас.
2. Знаёмы, вядомы, да якога адносяцца з адценнем пагарды. [Вашыновіч:] — Бабы заўсёды языкамі любяць трапаць. Мала што там Сабастыяніха нейкая гаварыла. Чорны. — А піла ў цябе ёсць? — Ёсць нейкая, браток. Брыль.
3. Не вызначаны дакладна (пра час, тэрмін, колькасць чаго‑н.). Праз нейкі дзень-другі хворы акрыяў. □ Праз нейкі час дымок пахучы Паплыў угору, як туман. Колас.
4. Пры параўнанні якіх‑н. якасцей, адзнак. Гэта нейкі звер, а не чалавек. □ Сабакучаво стала падобным да нейкага ваеннага паселішча. Самуйлёнак.
нейло́н, ‑у, м.
Сінтэтычнае штучнае валакно з поліамідных смол, а таксама тканіна з такога валакна.
[Англ. nylon.]
нейло́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нейлону. Нейлонавая вытворчасць. // Зроблены з нейлону. Нейлонавыя пальчаткі.
неймаве́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неймавернага.
неймаве́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які значна пераўзыходзіць звычайную ступень чаго‑н. Неймаверная сіла. □ З неймавернай хуткасцю, як страла, ляціць .. [заяц] па светавой дарожцы, атуленай цемрай, нібы між дзвюх чорных сцен. В. Вольскі. Прыходзілася праяўляць неймаверную вынаходлівасць, каб забяспечыць цэх работай. Шыцік.
2. Такі, які цяжка сабе ўявіць; немагчымы. Неймаверныя ўмовы. □ Зыбіну гэтая вестка прыйшлася не тое што нечаканай — неймавернай: бацька быў яшчэ дужы, як не крануты нічым знутры дуб, здаровы.. і — раптам — памёр, прыязджай на пахаванне. Мележ.
нейраанато́мія, ‑і, ж.
Раздзел анатоміі, які вывучае форму і будову нервовай сістэмы і яе органаў.