Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

не́та, нескл., прым. і прысл.

Без тары і ўпакоўкі (пра вагу тавару).

[Іт. netto — чысты.]

нетавары́скасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нетаварыскага.

нетавары́скі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўласцівы таму, каго лічаць сваім таварышам. Нетаварыскі ўчынак.

2. Які ўнікае людзей, не схільны да таварыскіх адносін. Нетаварыскі хлопец.

нетакто́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нетактоўнага. Нетактоўнасць пытання. // Нетактоўны ўчынак, а таксама нетактоўныя паводзіны, словы і пад. Шэф не мог не разумець, што сказаў страшэнную нетактоўнасць. Караткевіч. [Люська] дакарае сябе за нетактоўнасць, сваю легкадумнасць і ўжо хоча прасіць прабачэння. Ракітны.

нетакто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не можа паводзіць сябе прыстойна, з тактам; бестактоўны. Нетактоўны чалавек. // Які сведчыць аб адсутнасці такту, тактоўнасці. Баталаў збянтэжыўся. Пытанне прагучала недарэчна і груба, здалося страшэнна нетактоўным. Асіпенка.

нетакты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нетактычнага.

нетакты́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і нетактоўны. Інжынер.. не гаварыў нічога, бо лічыў нетактычным ўмешвацца ў жыццё гэтай вялікай дружнай сям’і. Шамякін.

неталенаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Які не мае таленту; пасрэдны. Неталенавіты чалавек. // Які сведчыць аб адсутнасці таленту, не адзначаны талентам. Неталенавітая кніга.

нетапы́р, ‑а, м.

Адзін з відаў кажаноў. На гарышчы гучна крычалі совы і пішчалі, нячутна лятаючы, нетапыры. Буйло.

нетаро́пкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нетаропкага.