Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

не́ма, прысл.

1. Дзіка, роспачна (крычаць, галасіць, раўці і пад.). — Давай грошы! Аддай мае грошы! — нема крычаў Яўхім. Колас. [Дзядзька Вінцук:] — Хворыя паўскоквалі з ложкаў і нема крычалі. Машара. Пакараў даў газ, прытрымаў тармазы, і рухавік нема завыў, а потым з неймавернай сілай ірванулася пад самалёт роўным шэрым палатном узлётная паласа. Алешка.

2. Моўчкі, без слоў. Людзі стаялі і нема дзівіліся на цяжкую салдацкую працу. Лынькоў. [Цётка Марыля] не галасіла, як старая маці, а енчыла нема, без слоў. Якімовіч.

немаве́дама, прысл. (у спалучэнні са словамі «што», «як», «адкуль», «куды» і пад.).

Невядома, незразумела. Такі адказны момант, а інжынер, якому даручана важнейшая справа, знаходзіцца немаведама дзе. Шыцік. Рыпучыя колы бежанскай фурманкі мелюць жарству дарогі, якая вядзе немаведама куды. Сабаленка. Шафёр немаведама чаму даў сігнал, ды такі рэзкі, што Карл.. ад нечаканасці шарахнуўся ўбок. Сачанка.

немагу́шчы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Слабы, хваравіты. [Стары:] — Немагушчы я, таварыш доктар,.. хачу прасіць у вас, каб, значыцца, на лёгкую работу паставілі. Якімовіч.

немагчы́ма, безас. у знач. вык.

Няма магчымасці, нельга. [Доктар:] — Дадому дабрацца было немагчыма. Васілевіч. Сучасную развітую літаратуру немагчыма ўявіць без рамана і аповесці. Казека.

немагчы́масць, ‑і, ж.

1. Адсутнасць умоў, неабходных для ажыццяўлення чаго‑н. Немагчымасць выкарыстаць сродкі па назначэнню.

2. Невыканальнасць, нездзяйсняльнасць чаго‑н. Немагчымасць стварэння вечнага рухавіка.

•••

Да немагчымасці — звыш усякай меры.

немагчы́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Неажыццявімы, невыканальны. [Каліноўскі] здагадваўся, што без змены эканамічнага, матэрыяльнага жыцця людзей немагчымы якія-небудзь змены грамадскага і дзяржаўнага ладу. Лушчыцкі. // у знач. наз. немагчы́мае, ‑ага, н. Тое, што нельга ажыццявіць, выканаць. [Шафёр:] — Трэба было спытаць, як хлопец дабраўся сюды, як не трапіў у рукі ворагу, а не патрабаваць немагчымага. Кулакоўскі.

2. Такі, што нельга вынесці, выцерпець; нясцерпны. Немагчымая гарачыня. Немагчымы боль. □ Вельмі карэктна Іван Іванавіч пісаў пра немагчымую абстаноўку ў інстытуце. Асіпенка. // Незвычайны. Каб захапіць слухачоў, Генька часта ішоў на самыя немагчымыя гіпербалы. Паслядовіч.

немаёмны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае сродкаў для існавання; бедны. Немаёмныя класы.

немажлі́ва, безас. у знач. вык.

Тое, што і немагчыма.

немажлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць немажлівага.

немажлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і немагчымы (у 1 знач.).