Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неўваро́ткі, ‑ая, ‑ае.

Абл. Непаваротлівы; марудны. Быў гэта чалавек неўвароткі, вельмі марудны ў рухах, па характару пануры, маўклівы. Лынькоў.

неўвяда́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неўвядальнага.

неўвяда́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які не вяне, які застаецца свежым. Мы сагрэем планету Сваімі рукамі, Каб наступнікам нашым Паднесці, як дар, Не зямлю, што хавае за пазухай камень, — У неўвядальную зелень апрануты шар! Макаль.

2. перан. Які з цягам часу не траціць свайго значэння, сілы і пад. Неўвядальная слава.

неўгамо́нлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і неўгамонны. О, што за погляд вачэй, смех неўгамонлівы, весні! Броўка.

неўгамо́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неўгамоннага.

неўгамо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа супакоіцца, утаймавацца; вельмі рухавы. Неўгамонныя дзеці. □ Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню. Колас. Дагасалі ліхтарыкі светлякоў, неўгамонныя матылі кідаліся над вогнішчам і трапяткімі пялёсткамі падалі на росную траву. Самуйлёнак. // Які не спыняецца, не змаўкае. Цішыня, толькі неўгамонны шум мора і соснаў парушаюць яе. Хадкевіч.

2. Неспакойны, турботны. Пасёлак спіць, і ціха ўсюды, Хіба што ў хаце дзе якой Дзіця заплача з перапуду Ці птушка свісне за ракой. І толькі ў дзедавай каморы У тон знямелае цішы Дзве неўгамонныя душы Вядуць сакрэтна разгаворы. Колас. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Адноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч.

неўгрунтава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць пеўгрунтаванага; неабгрунтаванасць. Неўгрунтаванасць думак.

неўгрунтава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае дастатковай угрунтаванасці; неўсталяваны. Неўгрунтаваны быт. Неўгрунтаваны вывад.

неўдаскана́ленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неўдасканаленага.

неўдаскана́лены, ‑ая, ‑ае.

Які не ўдасканальваўся. Неўдасканалены механізм.