незабу́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Травяністая расліна сямейства бурачнікавых з дробнымі блакітнымі кветкамі. Луг тут скрозь стракацеў жоўтым кураслепам, блакітнымі незабудкамі. Краўчанка.
незабы́ўны, ‑ая, ‑ае.
Такі, што нельга забыць. Велічныя і незабыўныя хвіліны перажывалі людзі. Паслядовіч. На экране адзін за адным праплывалі незабыўныя эпізоды. Краўчанка.
незабяспе́чанасць, ‑і, ж.
1. Стан незабяспечанага. Незабяспечанасць прадпрыемства сыравінай.
2. Недахоп сродкаў для існавання. З вялікімі цяжкасцямі, не зважаючы на матэрыяльную незабяспечанасць, Робсан наступае ва універсітэт. «Беларусь».
незабяспе́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае дастатковых сродкаў для існавання. Незабяспечаны чалавек.
2. Які не мае забеспячэння. Незабяспечанае грашовае абавязацельства.
незаве́ршанасць, ‑і, ж.
Стан незавершанага; незакончанасць. Незавершанасць праекта.
незаве́ршаны, ‑ая, ‑ае.
Які не даведзены да завяршэння; незакончаны. Незавершаны твор. // З незакончаным верхам. На адным з незавершаных стагоў стаяў чалавек у белай кашулі, падхопліваючы віламі калматыя бярэмкі сена, што падаваліся з зямлі. Гамолка.
незаго́йны, ‑ая, ‑ае.
Які не гоіцца. Незагойная рана. // перан. Які не прытупляецца часам (пра боль). Мы, дзеці, жылі, дарослелі сярод нейкай неабдымнай радасці людзей, якія засталіся жывыя, і ў той жа час сярод незагойнага, вострага болю па страчаных, знявечаных, закатаваных. Сіпакоў.
незадавальне́нне, ‑я, н.
1. Адмаўленне ў чым‑н. Незадавальненне просьбы.
2. Тое, што і нездавальненне. Некаторыя [людзі] разбіралі свае рэчы. Сям-там раздаваліся галасы абурэння, незадавальнення. Лынькоў.
незадаво́ленасць, ‑і, ж.
1. Адсутнасць задаволенасці чым‑н. Незадаволенасць сучасным станам беларускай байкі, яе мастацкім узроўнем не раз выказвалася на старонках нашага друку. Казека.
2. Пачуцці, перажыванні незадаволенага чалавека. Незадаволенасць сабой, сваёй работай з цягам часу ўсё ўзрастала і ўзрастала. Васілёнак.
незадаво́ленне, ‑я, н.
Разм. Тое, што і незадаволенасць (у 2 знач.). Вучыўся [Бондар] добра, але тачыў душу чарвяк незадаволення. Навуменка.