нехадавы́, ‑ая, ‑ое.
Разм. Які не мае пастаяннага попыту. Нехадавы тавар.
не́хаць, прысл.
Разм.
1. Тое, што і нехаця. За лескамі, падвешанымі на сцяне.., яшчэ ляжаў жмак асакі, у якую конік тыркаў нехаць мордаю. Мурашка.
2. безас. у знач. вык. Няма ахвоты, жадання. Развітвацца — нехаць, А трэба, а час. Куляшоў.
не́хаця, прысл.
Неахвотна, без жадання. Працаваў .. [Язэгі] нехаця, .. на яго паласе заўсёды быў самы дрэнны ўраджай. Лупсякоў. [Стары:] — Пірат, на месца! — Сабака ўтуліўся і нехаця пасунуўся ў будку. Грахоўскі. На вуліцы гусіныя чароды паволі і нехаця, з крыкам саступаюць дарогу машынам. Хведаровіч. // Без намеру, незнарок, міжвольна. Штурхнуць суседа нехаця. □ На будоўлі не заснеш, ад брыгады не схаваешся. Гэта не каса і не граблі, што кінуў пад куст, а сам у цянёк. Тут нехаця падставіш плячо, падхопіш бервяно, паможаш таварышу. Чарнышэвіч.
нехлямя́жы, ‑ая, ‑ае.
Несамавіты; нязграбны, няўклюдны. Рабы ад воспы і нехлямяжы Іван асабліва няважна выглядаў у пары з Шарэйкам. Брыль. На сценах віселі людскія цені; яны ківаліся, вялізныя, нехлямяжыя, як малпы. Бядуля. // Дрэнна, непрыгожа зроблены (аб рэчах, прадметах). Нехлямяжае самаробнае сядло. □ Едзе [маці Горава] паўз Круціцкае падвор’е ў сваёй нехлямяжай, падобнай на гарбуз брычцы. Караткевіч.
не́хрысць, ‑я, м.
Разм.
1. Уст. Чалавек нехрысціянскай веры, а таксама чалавек, які не верыць у бога.
2. Лаянк. Бессаромны, бессардэчны чалавек. [Шаройка:] — Ну, брат, не людзі, а нехрысці... Хоць кол на галаве [чашы]. Проста распанеў народ: да васьмі спяць, да дзесяці снедаюць. Шамякін.
нехрышчо́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не ахрысцілі. Нехрышчонае дзіця. // Які не належыць да хрысціянскай веры.
не́хта, некага, некаму, некага, некім, аб некім, займ. неазначальны.
1. Нейкі чалавек, нейкая істота; невядома хто. Вось ледзь пачуўся асцярожны працяглы свіст. Чалавек сеў і насцеражыўся. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Крапіва. Было на.. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках. Колас. У Веры Засуліч дзверы былі не завалены — нехта яшчэ быў у яе. Зарэцкі. // Адзін, з прысутных (без удакладнення, хто іменна). І ўсе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь.. — Пэўна, нашы хлопцы нешта прыдумалі, сігналы падаюць, — выгукнуў нехта з вучняў. Скрыпка.
2. Якісьці мала каму вядомы чалавек (у спалучэнні з прозвішчам, імем). Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч.
3. Які‑н. чалавек, усё роўна хто; хто‑н. [Комлік:] — Пагражае [Кашын] яшчэ, нібы нехта баіцца яго... Карпаў.