нехта, некага, некаму, некага, некім, аб некім, займ. неазначальны.

1. Нейкі чалавек, нейкая істота; невядома хто. Вось ледзь пачуўся асцярожны працяглы свіст. Чалавек сеў і насцеражыўся. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Крапіва. Было на.. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках. Колас. У Веры Засуліч дзверы былі не завалены — нехта яшчэ быў у яе. Зарэцкі. // Адзін, з прысутных (без удакладнення, хто іменна). І ўсе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь.. — Пэўна, нашы хлопцы нешта прыдумалі, сігналы падаюць, — выгукнуў нехта з вучняў. Скрыпка.

2. Якісьці мала каму вядомы чалавек (у спалучэнні з прозвішчам, імем). Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч.

3. Які‑н. чалавек, усё роўна хто; хто‑н. [Комлік:] — Пагражае [Кашын] яшчэ, нібы нехта баіцца яго... Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)