Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нецвяро́зы, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; п’яны. [Маці:] — Аднаго разу позна, папацёмку ўжо, варочаўся.. [кравец] дахаты. А, відаць, нецвярозы быў. Ну і завяла яго сцежка ўбок. Якімовіч. // Характэрны для п’янага чалавека. Адным з грубейшых парушэнняў правы вулічнага руху з’яўляецца кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. «Звязда».

2. перан. Пазбаўлены разумнага падыходу да каго‑, чаго‑н. Нецвярозыя адносіны да падзей.

неціка́ва,

1. Прысл. да нецікавы.

2. у знач. безас. вык. Не з’яўляецца цікавым. — А я на тваім месцы не застаўся б тут, — заўважыў Лабановіч. [Садовіч:] — Чаму? — Ды так. — мне тут нецікава. Колас.

неціка́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць нецікавага. У .. [пісьме] Коўшык скардзілася на нецікавасць жыцця, на вячэрнюю сумоту... Ваданосаў.

неціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не выклікае цікавасці. Нецікавы кінафільм. □ — А ўсё ж нецікавая нам работа выпала, — праз нейкі час скардзіўся.. [Міхась], касавурачыся на Васіля. Якімовіч.

2. Разм. Непрыгожы. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль.

3. Разм. Не зусім добры; пасрэдны. Нарада пакінула нецікавае ўражанне... Гартны. [Бабка] проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.

неціка́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нецікаўнага. Выявіў сваю нецікаўнасць.

неціка́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не вызначаецца цікаўнасцю. Нецікаўны чалавек.

нецырымо́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нецырымоннага; бесцырымоннасць.

нецырымо́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і бесцырымонны.

нецэнзу́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нецэнзурнага.

нецэнзу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не адпавядае ўмовам цэнзуры, забаронены ёю. Нецэнзурная літаратура.

2. Непрыстойны. [Шыковіч:] — Слухайце, Анатоль Барысавіч!.. Каб мы з вамі былі ў больш блізкіх адносінах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такія нецэнзурныя словы, якія, пры адпаведнай інтанацыі лепш і мацней за любую пахвалу. Шамякін.